да таго, што калі чорту не ўдалося зрабіць людзям зло (пасварыць мужа з жонкай) дык гэту задачу выдатна выконвае жанчына. Гэты памфлет на жанчыну вышаў у даўныя часы з асяроддзя будыйскага духавенства, а ў сярэднія вякі быў падхоплен каталіцкім і праваслаўным духавенствам і ў шматлікіх кніжных варыянтах распаўсюдзіўся па Еўропе, глыбока прасякнуўшы ў еўрапейскі фальклор[1].
Пісаў Ф. Багушэвіч і ў жанры байкі. І гэта таксама паказвае на шматбаковую яго адаронасць. Ім напісана адна арыгінальная байка «Воўк і авечка» і апрача таго ім зроблен пераклад байкі Крылова «Свіння і жалуды». Байка «Воўк і авечка» — гэта своеасаблівая апрацоўка папулярнага сюжэта аб ваўку ў авечай скуры. Байка гэта безумоўна належыць да лепшых узораў літаратуры гэтага жанра.
Тым фактам, што пісьменнік канцэнтрыраваў усю сваю ўвагу на соцыяльных пытаннях, трэба тлумачыць амаль поўную адсутнасць у яго паэзіі лірыкі прыроды. Толькі ў асобных вершах мы можам бачыць лірыка-філасофскія матывы ў апісанні з'яў прыроды.
Пісаў Багушэвіч і апавяданні, якія былі надрукаваны толькі пасля яго смерці (у 1907 г. у «Нашай ніве»). Гэта апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык» і «Дзядзіна» (запісана Багушэвічам). Ніякіх новых элементаў у рэалізм Багушэвіча яго апавяданні не ўносяць. Гэта гумарыстычныя апавяданні, у якіх гумарыстычны талент Багушэвіча выяўляецца з такой-жа сілай, як і ў гумарыстычных вершах. Цэнтр цяжару апавяданняў Багушэвіча часткова ў сюжэце, але галоўным чынам у мове, якая з'яўляецца ў іх галоўным сродкам характарыстыкі персанажаў. Ажыццяўляецца гэта такім чынам, што апавяданне вядзецца ад імя аднаго з персанажаў. Асабліва цікавая ў моўных адносінах іранічная мініятура «Дзядзіна». Вось пачатак гэтага апавядання.
«Ну, і дзядзіна ў мяне была, а багатая, дык багатая! - было ў яе сем маргоў зямлі, адна каза, сем хлявоў, тры гумны, а ўсе поўныя: у адным — мак, у другім — так, а ў трэцім цапы віселі. А як пойдзе, бывала, дзядзіна казу даіць, дык пакуль казу найдзе, аж у мазгі зайдзе; а як зачне яе даіць, дык нясуць малако цабрамі, вядрамі, кадушкамі... А масла дык білі на гумнішчы цапамі, і масленку ў застрэнкі змяталі; бедныя людзі дык ішлі з мяшкамі і з гаршкамі і з разгінямі: хто з чым прышоў, той з тым пашоў. А парсюкі кормныя ў дзядзіны дык такія былі, што праз парог не маглі пералезці, але пад парогам дзірачка была, дык туды лазілі».
Проза не займае значнага месца ў творчасці Багушэвіча, і таму зусім натуральна, што ідэйны воблік пісьменніка і характар яго рэалізма вырысоўваецца на матэрыяле яго паэзіі. Вобраз пісьменніка, які паўстае з яго творчасці — гэта вобраз сялянскага дэмакрата, змагара за долю народную, у светапоглядзе якога часам спалучаліся рысы перадавой ідэалогіі з рысамі адсталымі і рэакцыйнымі, але творчасць якога ўзятая ў цэлым адыграла значную ролю ў справе абуджэння народнага самаўсведамлення.
- ↑ Гл. Ю. Сокалаў, Русский фольклор, стар. 74