Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І мала таго, што засуджана я на гэткі страшны ўдзел; мала таго, што перад канцом сваім павінна бачыць, як пачнуць паміраць у страшэнных муках бацька і маці, дзеля ўратаваньня якіх дваццаць разоў гатова была-б аддаць жыцьцё сваё, мала ўсяго гэтага: трэба, каб перад канцом сваім мне давялося ўбачыць і пачуць словы і каханьне, якога ня бачыла я. Трэба, каб ён словамі сваімі разадраў на часьці маё сэрца, каб горкая мая часьць была яшчэ гарчэйшая, каб яшчэ больш шкада было мне майго маладога жыцьця, каб яшчэ страшнейшаю здавалася мне сьмерць мая і каб яшчэ болей, паміраючы, папікала я цябе, жорсткі лёс мой, і Цябе, — даруй мой грэх, — Сьвятая Божая Маці!

І калі сьціхла яна, дык безнадзейнае-безнадзейнае пачуцьцё адбілася ў твары яе; балючым сумам загаварыла кожная рыса яго, і ўсё, ад панура схіленага лоба і спушчаных вачэй да сьлёз, застыўшых і засохшых па ціха гарэўшых шчоках яе, усё, здавалася, казала: „Няма шчасьця на твары гэтым!“

— Ня чувана на сьвеце, ня можна, ня быць таму, — казаў Андрый: — каб найхарашэйшая і лепшая з жанок панясла гэткую горкую часьць, калі яна народжана на тое, каб перад ёю, як перад сьвятыняю, скланілася ўсё, што ёсьць лепшае на сьвеце. Не, ты не памрэш! Не табе паміраць; прысягаю маім народжаньнем і ўсім, што мне міла на сьвеце, — ты не памрэш! Калі-ж выйдзе ўжо так, і нічым — ні сілаю, ні малітваю, ні адвагаю нельга будзе адхіліць горкага лёсу, дык мы памрэм разам, і раней я памру, памру перад табою, каля тваіх прыгожых каленаў, і хіба ўжо няжывога мяне разлучаць з табою.

— Не ашуквай, рыцару, і сябе і мяне, — казала яна, махаючы ціха прыгожаю галавою: — ведаю і, на вялікае маё гора, ведаю вельмі добра,