Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але яна маўчала і не аднімала хусткі ад твару свайго і заставалася нярухомаю.

— Чаму ты гэтак сумная? Скажы мне, чаму ты гэтак сумная?

Кінула проч яна ад сябе хустку, адхіліла налазіўшыя на вочы доўгія валасы касы свае і ўся разьлілася ў жаласных словах, выгаварваючы іх ціхім, ціхім голасам, падобна да таго, як вецер, падняўшыся ў прыгожы вечар, прабяжыць раптам па гушчары надводнага чарату: зашамацяць, загучаць і паляцяць раптам сумна-тонкія гукі, і ловіць іх з незразумелаю тугою супыніўшыся падарожны, ня чуючы ні таго, як гасьне вечар, ні тых, што лятуць, вясёлых песьняў народу, які йдзе з палявых работаў і жніваў, ні далёкага тарахценьня таго, што недзе праяжджае, воза.

— Ці-ж ня варта я вэчных жаляў! Ці-ж не няшчасная маці, спарадзіўшая мяне на сьвет? Ці-ж ня горкая доля прышлася на часьць мне? Ці-ж ня люты ты кат мой, мой ліхі лёс? Усіх ты прывёў да ног маіх: лепшых шляхцічаў з усяго шляхоцтва, найбагацейшых паноў, графоў і чужаземных баронаў, і ўсё, што толькі ёсьць цьветам нашага рыцарства. Усім ім было вольна кахаць мяне і за вялікае шчасьце кожны з іх палічыў-бы каханьне маё. Варта было мне толькі махнуць рукою, і хоць каторы з іх, найпрыгажэйшы тварам і пародаю, зрабіўся-б маім мужам. І да ніводнага з іх не прычараваў ты майго сэрца, ліхі лёс мой; а прычараваў маё сэрца, міма лепшых вітэзяў зямлі нашае, да чужога, да ворага нашага. За што-ж Ты, Прачыстая Божая Маці, за якія грахі, за якія цяжкія праступленьні гэтак неўмаліма і бязьлітасна гоніш мяне? У заможнасьці і раскошнай лішцы ўсяго цяклі дні мае; лепшыя дараггія стравы і дарагія віны былі мне пажываю. І на што ўсё гэта было? да чаго яно ўсё было? Ці-ж да таго, каб, нарэшце, памёрці лютаю сьмерцю, якою не памірае апошні жабрак у каралеўстве?