Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кадзільны дым спыніўся на паветры радужна асьветленым вобалакам. Андрый не бяз зьдзіўленьня пазіраў з свайго цёмнага кутка на цуд, выкліканы сьвятлом. У гэты час вялічны гук аргану запоўніў раптам увесь касьцёл: ён, рабіўся гусьцейшым і гусьцейшым, разрастаўся, перайшоў у цяжкія грукаты грому і пасьля раптам, абярнуўшыся ў нябесную музыку, паляцеў высока пад скляпеньнямі сваімі пяяўшымі гукамі, прыпамінаўшымі тонкія дзявочыя галасы, і пасьля ізноў абярнуўся ён у густы гук і гром, і сьціх. І доўга яшчэ грымотны грукат лятаў, дрыжучы пад скляпеньнямі, і дзівіўся Андрый з паўразяўленым ротам з вялічнае музыкі.

У гэты час, пачуў ён, як нехта пацягнуў яго за палу каптана. — „Пара“, — сказала татарка. Яны перайшлі праз касьцёл, незаўважаныя нікім, і выйшлі пасьля на пляц, быўшы перад ім. Зарніца ўжо даўно румянела на небе: усё прадказвала ўзыходжаньне сонца. Пляц, меўшы квадратную фігуру, быў зусім пусты; пасярэдзіне яго аставаліся яшчэ дзеравяныя столікі, паказваўшыя, што тут быў яшчэ тыдзень таму назад рынак харчавых прыпасаў. Вуліца, якіх тады не брукавалі, была проста засохшая груда балота. Пляц абступалі навокал невялічкія каменныя і гліняныя ў адзін паверх дамы, з віднымі ў сьценах дзеравянымі палямі і стаўпамі ўва ўсю іх вышыню, сукосна перакрыжованыя таксама дзеравянымі зьвязямі, як наагул будавалі дамы тагочасныя жыхары, што можна бачыць і дасюль яшчэ ў некаторых месцах Літвы і Польшчы. Усе яны былі пакрыты нязьмерна высокімі стрэхамі, з вялікім лікам слухавых вокнаў і душнікоў. На адным баку, ледзь не каля касьцёла, вышэй за іншыя, узносіўся зусім адрозьнены ад іншых будынак, мусі мястовы магістрат ці якое-нібудзь урадовае месца. Ён быў у два паверхі і над ім угары надбудованы быў у дзьве аркі бэльвэдэр, дзе стаяў вартаўнік;