Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выкрыкваючы і не сьпяшаючыся, але з расстаноўкаю, як стары, глыбока практычны ў справе казак, прыводзіўшы ня першы раз у выпаўненьне разумна задуманыя прадпрыемствы.

— Агледзьцеся, усе агледзьцеся добра! — гэтак казаў ён. — Папраўце вазы і мазьніцы, спрабуйце зброю. Не забірайце шмат з сабою адзежы: па сарочцы і па двое шаравараў на казака, ды па гаршку саламаты і тоўчанага проса — больш каб і ня было ў нікога! У запасе будзе ў вазох усё, што трэба. Па пары коняй каб было ў кожнага казака! Ды пар двесьце ўзяць валоў, таму што на пераправах і гразкіх месцах патрэбны будуць валы. Ды парадку трымайцеся, панове, болей за ўсё. Я ведаю, ёсць паміж вамі гэткія, што чуць Бог пашле якую карысьць — пайшлі зараз-жа драць кітайку і дарагія аксаміты сабе на ганучы. Кіньце гэткую чортаву прывычку, проч кідайце розныя андаракі, бярэце толькі адну стрэльбу, калі пападзецца добрая, ды чырвонцы, або серабро, таму што яны ёмкага свойства і спатрэбяцца ў кожным выпадку. Ды вось вам, панове, наперад каму: калі хто ў паходзе нап’ецца, дык ніякага на яго няма суда: як сабаку за карак прыкажу яго прысмыкнуць да абозу, хто-б ён ні быў, хоць бы найлепшы казак з усяго войска; як сабака, будзе ён застрэлены на месцы і кінены бяз ніякага пахаваньня на паклёў птушкам, таму што п’яніца ў паходзе няварт хрысьціянскага пахаваньня. Маладыя, слухайце старых! Калі драпне куля, ці драпне шабляю па галаве, ці па чым-нібудзь іншым, дык не давайце вялікае пашаны гэткай справе: разьмяшайце набой пораху ў чарцы сівухі, духам выпіце і ўсё прайдзе — ня будзе і ліхаманкі; а на рану, калі яна ня вельмі вялікая, прылажэце проста зямлі, замясіўшы яе раней сьлінаю на далоні, дык і прысохне рана. Ну-ж, за справу, за справу хлопцы, ды не сьпяшаючыся, добранька бярэцеся за справу!