Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У гэты час вялікі паром пачаў прыставаць да берагу. Стаяўшая на ім куча людзей яшчэ здалёку махала рукамі. Гэта былі казакі ў падраных сьвітках. Бессэнсоўнае убраньне, — у шмат якіх нічога ня было, апрача сарочкі і кароценькае люлькі ў зубах, — паказвала, што яны або толькі-што ўцяклі ад якое-нібудзь бяды, або ізноў да таго дагуляліся, што прагулялі ўсё, што толькі было на целе. З іхняе кампаніі адлучыўся і стаў наперадзе прысадзісты, плячысты казак, чалавек гадоў пяцьдзесяцёх. Ён крычаў і махаў рукою мацней за ўсіх; але за стукатам і крыкам рабочых ня чуваць было яго словаў.

— А з чым прыехалі? — спытаўся кашавы, калі паром прывярнуў да берагу. Усе рабочыя, спыніўшы свае работы і падняўшы сякеры і долаты, глядзелі чакаючы.

— З бядою! — крычаў з парому прысадзісты казак.

— З якою?

— Пазвольце, панове запарожцы, слова трымаць?

— Гавары.

— Ці мо’ хочаце, каб склікаць раду.

— Гавары, мы ўсе тут.

Народ увесь сьціснуўся ў адну кучу.

— А вы хіба нічога ня чулі аб тым, што робіцца на гэтманшчыне?

— А што? — спытаўся адзін з курэнных атаманаў.

— Э! што? Відаць, вам татарын заткнуў клейтухом вушы, што вы нічога ня чулі.

— Дык кажы, што там робіцца?

— А тое робіцца, што і радзіліся, і хрысьціліся, яшчэ ня бачылі гэткага.

— Ды кажы нам, што робіцца, сабачы сыне! — закрычаў адзін з натаўпу, як відаць, згубіўшы цярплівасьць.