Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А на другі дзень Тарас Бульба ўжо радзіўся з новым кашавым, як падняць запарожцаў на якую-нібудзь справу. Кашавы быў разумны і хітры казак, знаў і ўдоўж і ўпоперак запарожцаў, і спачатку сказаў: — „Нельга прысягі пераступіць, ніяк нельга,“ — а пасьля, памаўчаўшы, дадаў: — „Нічога, можна: прысягі мы не пераступім, а так тое-сёе прыдумаем. Хай толькі зьбярэцца народ, дый ня то, што па маім загадзе, а проста сваёю ахвотаю, — вы ўжо ведаеце, як гэта зрабіць, — мы з старшынямі зараз-жа і прыбяжымо на пляц, як быццам нічога і ня ведаем.“

Не прайшло й гадзіны пасьля іхняе размовы, як ужо загулі літаўры. Знайшліся раптам і п’яныя, і неразумныя казакі. Мільён казацкіх шапок высыпаў раптам на пляц. Паўстаў гоман: „Хто? нашто? з-за якое справы выбілі збор?“ Ніхто не адказваў. Нарэшце, у тым і ў гэтым куце пачало разьлягацца: „Вось гіне дарма казацкая сіла: няма вайны! Вось старшыні забайбачыліся зусім, пазаплывалі салам вочы! Няма, відаць, праўды на сьвеце!“ Іншыя казакі слухалі спачатку, а пасьля і самі пачалі казаць: „Я й дапраўды няма ніякае праўды на сьвеце!“ Старшыні здаваліся зьдзіўленымі ад гэткіх прамоваў. Нарэшце, кашавы выйшаў наперад і сказаў: „Дазвольце, панове запарожцы, слова трымацыь!“

— Трымай!

— Вось у разважаньні таго цяпер ідзе гутарка, панове дабрадзейства, ды вы мо’ і самі лепш гэта ведаеце, што шмат якія запарожцы пазалазілі ў доўг у шынкі жыдом і сваім братом гэтулькі, што ніводзін чорт цяпер ім веры не дае. Пасьля ізноў у разважаньні таго пайдзе гутарка, што ёсьць шмат гэткіх хлапцоў, якія яшчэ і ў вочы ня бачылі, што такое вайна, тады як маладому чалавеку, — і самі ведаеце, панове, — без