Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сечы, бо ніхто з запарожцаў не паміраў сваёю сьмерцю) і, ўзяўшы кожны ў рукі зямлі, якая на той час ад быўшага дажджу раскісла ў балота, паклалі яму на галаву. Мокрая зямля сьцякала з яго галавы, пацякла па вусох і па шчоках, і ўвесь твар замазала яму балотам. Але Кірдзяга стаяў, ня рухаючыся з месца, і дзякаваў казаком за выказаны яму гонар.

Гэтак скончыўся шумны выбар, з якога невядома, ці былі гэтак рады іншыя, як рад быў Бульба: гэтым ён ад’імсьціў ранейшаму кашавому; да таго-ж і Кірдзяга быў стары яго таварыш і бываў з ім у адных і тых-жа самых сухапутных і марскіх паходах, дзелячы строгасьці і труды баявога жыцьця. Натаўп разыйшоўся тут-жа сьвяткаваць выбары, і паднялася гульня, якое яшчэ ня бачылі датуль Астап і Андрый. Вінныя шынкі былі паразьбіваны; мёд, гарэлка і піва забіралася проста бяз грошай; шынкары ўжо былі рады і з таго, што самі засталіся цэлымі. Уся ноч прайшла ў крыках і песьнях, славіўшых подзьвігі, і ўзыйшоўшы месяц доўга яшчэ бачыў натаўпы музыкаў, хадзіўшых па вуліцах, з бандурамі, турбанамі, круглымі балалайкамі і царкоўных песеньнікаў, якіх трымалі на Сечы дзеля пяяньня ў царкве і дзеля выхваляньня запарожаскіх справаў. Нарэшце, хмель і ўтома пачалі перамагаць моцныя галовы. І відаць было, як то там, то ў іншым месцы падаў на зямлю казак; як таварыш, абняўшы таварыша, расчуліўшыся і нават заплакаўшы, валіўся разам з ім. Там гурбаю клалася цэлая куча; там выбіраў іншы, каб як лепей яму легчы, і лёг проста на дзеравяную калоду. Апошні, які быў мацнейшы, яшчэ выводзіў нейкія бязглуздыя прамовы; нарэшце, і таго падкасіла хмельная сіла, паваліўся й той, — і заснула ўся Сеча.