Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— „Пачакай-жа ж ты, чортаў кулак! — сказаў сам сабе Бульба: „ты ў мяне будзеш ведаць!“ і пастанавіў тут-жа ад’імсьціць кашавому.

Згаварыўшыся з тым і другім зрабіў ён усім выпіўку, і п’яныя казакі, у ліку некалькіх чалавек, павалілі проста на пляц, дзе стаялі прывязаныя да стаўпа літаўры, у якія звычайна білі збор на раду. Не знайшоўшы кіёў, якія перахоўваліся заўсёды ў доўбіша, яны схапілі па палену ў рукі і пачалі лупіць у іх. На гук перш за ўсё прыбег доўбіш, высокі чалавек, з адным толькі вокам, ня гледзячы аднак-жа на гэта, страшэнна заспаным.

— Хто сьмее біць у літаўры? — закрычаў ён.

— Маўчы! вазьмі свае кіі дый лупі, калі табе кажуць! — адказвалі загуляўшыя старшыні.

Доўбіш выняў зараз-жа з кішані кіі, якія ён узяў з сабою, вельмі добра ведаючы канец падобных здарэньняў. Літаўры забражджалі, і хутка на пляц, як чмялі, пачалі зьбірацца чорныя чубы запарожцаў. Усе сабраліся ў кола, і пасьля трэцяга бою паказаліся, нарэшце, старшыні: кашавы з паліцаю ў руцэ, знакам свае дастойнасьці, судзьдзя з вайсковаю пячаткаю, пісар з чарніліцаю і есаул з жэзлам. Кашавы і старшыні скінулі шапкі і пакланіліся на ўсе бакі казаком, якія горда стаялі, узяўшыся ў бакі.

— Што значыць гэты сход? Чаго хочаце, панове? — сказаў кашавы. Лайбы і крыкі не далі яму гаварыць.

— Кладзі паліцу! Кладзі, чортаў сыне, зараз жа паліцу! Ня хочам цябе больш! — крычалі з натаўпу казакі. Некаторыя з цьвярозых курэняў хацелі, як здавалася, працівіцца; але курэні, і п’яныя і цьвярозыя, пайшлі на кулакі. Крык і гоман зрабіўся агульным.

Кашавы хацеў быў гаварыць, але ведаючы,