Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Няма дзе пагуляць, — адказваў кашавы, выняўшы з рота маленечкую люльку і плюнуўшы ў бок.

— Як няма дзе? можна пайсьці на Турэччыну, на татарву.

— Ня можна ні ў Турэччыну, ні ў Татарву, — адказваў кашавы, узяўшы ізноў спакойна, ў рот сваю люльку.

— Як ня можна?

— Так. Мы дакляравалі султану мір.

— Дык ён-жа ж бусурмэн: і Бог, і сьвятое пісаньне загадвае біць бусурмэнаў.

— Ня маем права. Калі-б не прысягалі яшчэ нашаю вераю, дык мо’ і можна было-б; а цяпер не, ня можна.

— Як ня можна? Як-жа ты кажаш: ня маем права? Вось у мяне два сыны, абодва маладыя. Яшчэ ніразу ні той, ні гэты ня быў на вайне, а ты кажаш: ня маем права; а ты кажаш: ня трэба ісьці запарожцам.

— Ну, ужо ня трэба так.

— Дык, значыцца, трэба, каб гінула дарма казацкая сіла, каб чалавек згінуў, як сабака, бяз добрае справы, каб ні бацькаўшчыне, ні ўсяму хрысьціянству ня было ад яго ніякае карысьці? Дык нашто-ж мы жывем, на якога чорта мы жывем? растлумач ты мне гэта. Ты чалавек разумны, цябе не дарма выбралі за кашавога: растлумач ты мне нашто мы жывем?

Кашавы ня даў адказу на гэтае пытаньне. Гэта быў упорлівы казак. Ён крыху памаўчаў і пасьля сказаў: — А вайне ўсё такі ня быць.

— Дык ня быць вайне? — спытаўся ізноў Тарас.

— Не.

— Дык ужо і думаць аб гэтым няма чаго.