Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

усе тыя гордыя і моцныя, як львы! Вось адкуль разьліваецца воля і казацтва на ўсю Украіну!

Падарожнікі выехалі на шырокі пляц, дзе звычайна зьбіралася рада. На вялікай перакуленай бочцы сядзеў запарожац без сарочкі; ён трымаў яе ў руках і марудна зашываў на ёй дзіры. Ім ізноў загарадзіў дарогу цэлы натаўп музыкаў, у сярэдзіне якіх скакаў малады запорожац, заламаўшы шапку чортам і выцягнуўшы рукі. Ён крычаў толькі: „Жывей іграйце, музыкі! Не шкадуй, Фама, гарэлкі праваслаўным хрысьціянам!“ І Фама, з падбітым вокам, мераў бяз ліку кожнаму прыставаўшаму па вялізарнейшым кубку. Каля маладога запарожца чацьвёра старых выраблялі даволі дробна нагамі, кідаліся, як віхар, на бок, ледзь не на галаву музыкам, і раптам, апусьціўшыся, ляцелі ў прысядку і білі, крута і моцна, сваімі сярэбранымі падкоўкамі шчыльна ўбітую зямлю. Зямля глуха гула на ўсю акругу, і ў паветры далёка разьлягаліся гапакі і трапакі, выбіваныя звонкімі падковамі ботаў. Але адзін жывей за ўсіх пакрыкваў і ляцеў сьледам за іншымі ў скоку. Чуб трапястаўся на ветры, усе адкрытымі былі сільныя грудзі; цёплы зімовы кажух быў апранены ў рукавы, і пот градам ліў з яго, як з вядра. — „Ды скінь хоць кажух!“ — сказаў, нарэшце, Тарас: „бачыш, як парыць.“ — „Ня можна!“ крычаў запарожац. — „Чаму?“ — „Ня можна; у мяне ўжо гэткі характар: што скіну, тое і прап’ю.“ А шапкі ўжо даўно ня было на малайцу, ні пояса на каптане, ні вышытае хустачкі: усё пашло, куды трэба. Натаўп рос; да скакаўшых далучаліся іншыя, і нельга было бачыць, бяз унутранага руху, як усё аддзірала скок самы вольны, самы шалёны, які толькі бачыў калі-нібудзь сьвет, і які, па сваіх магутных выдумшчыках, названы казачком.

„Эх, каб ня конь!“ — гукнуў Тарас: „пусьціўся-б, дапраўды, пусьціўся-б сам у скок!“