Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зусім былі ўхілены ад дасьведчаньня. Да таго-ж яшчэ гэтае рэспубліканскае ўстройства бурсы, гэтая жахлівая маса маладых, дужых, здаровых людзей, усё гэта павінна было ім суліць працу зусім вонках іхняга школьнага занятку. Інады благое утрыманьне, інады частыя кары голадам, інады шмат якія патрэбы, што паўставалі ў здаровым моцным юнаку, усё гэта, злучыўшыся, радзіла у ім тую прадпрыемлівасьць, якая пасьля разьвівалася на Запарожжы. Галодная бурса палявала па вуліцах Кіева і змушала ўсіх быць асьцярожнымі. Гандляркі, сядзеўшыя на рынку, заўсёды затулялі рукамі сваімі пірагі, абаранкі, гарбузовае насеньне, як арліцы дзяцей сваіх, калі толькі бачылі праходзіўшага бурсака. Консуль, які павінен быў, паводле свайго абавязку, наглядаць за падданымі яго веданьню таварышамі яго, меў гэткія страшэнныя кішані ў сваіх нагавіцах, што мог памясьціць туды усю крамку няуважлівае гандляркі. Гэтыя бурсакі складалі зусім асобны сьвет: у кола вышэйшае, якое складалася з польскае і украінскае шляхты, яны не дапушчаліся. Сам ваявода Адам Кісель, ня гледзячы на выказваную патронацыю акадэміі, ня ўводзіў іх у грамадзянства і загадваў трымаць іх магчыма стражэй. Урэшце, гэтае настаўленьне было зусім лішняе, таму што рэктар і прафэсары-манахі не шкадавалі лозаў і бізуноў, і часта ліктары, па іх загаду, лупцавалі сваіх консуляў гэтак жорстка, што тыя па некалькі тыдняў пачэсвалі свае шаравары. Шмат якім з іх гэта было зусім нішто і здавалася крыху чым мацнейшым за добрую гарэлку з перцам; іншым, нарэшце, моцна абрыдалі гэткія бесьперастанныя прыпаркі, і яны ўцякалі на Запарожжа, калі ўмелі знайсьці дарогу і калі самі ня былі перапыненымі ў дарозе. Астап Бульба, ня гледзячы на тое, што пачаў з вялікаю стараннасьцю вучыцца лёгікі і нават багаслоўя, ніяк ня выкручваўся ад неумалімых розгаў.