Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Два толькі не дасталі да ракі, грукнуліся з вышыні аб каменьні, загінулі там на векі з коньмі, нават не пасьпеўшы крыкнуць. А казакі ўжо плылі з коньмі ў рацэ і адвязвалі чаўны. Затрымаліся ляхі над прорваю дзівячыся нячуванай казацкай справе і думаючы: ці дзыгаць ім, ці не? Адзін малады палкоўнік, жывая, гарачая кроў, родны брат прыгожае палячкі, ачараваўшай беднага Андрыя, не падумаў доўга і кінуўся з усяе сілы з канём сваім і проста грымнуўся на вострыя каменьні. На кускі разарвалі яго вострыя каменьні, прапаўшага сярод прорвы, і мазгі яго, зьмяшаўшыся з крывёю, абпырскалі росшыя па няроўных сьценах правалу кусты.

Калі ачуняў Тарас Бульба ад удару і глянуў на Днестар, ужо казакі былі на чаўнох і веславалі; кулі сыпаліся на іх зьверху, але не даставалі. І загарэліся радасныя вочы ў старога атамана.

— Бывайце, таварышы! — крычаў ён ім зьверху, — успамінайце мяне і будучай-жа вясною прыбывайце сюды ізноў, ды добранька пагуляйце! Што ўзялі, чортавы пяхі? Думаеце, ёсьць што-нібудзь на сьвеце, чаго збаяўся-б казак? Пастойце-ж, прыдзе час, будзе час, даведаецеся вы, што такое праваслаўная руская вера! Ужо і цяпер чуюць далёкія і блізкія народы: паўстане з рускае зямлі свой цар, і ня будзе на сьвеце сілы, якая не пакарылася-б яму!.. А ўжо агонь паднімаўся над кастром, захапляў яго ногі і разаслаўся полымем па дзераве… Ды хіба знайдуцца на сьвеце гэткія агні, мукі і гэткая сіла, якая перасіліла-б рускую сілу!

Не малая рака Днестар, і шмат на ёй затокаў, рачных густых чаратоў, меляў і глыбокаводных месцаў; блішчыць рачное люстра, агалошанае гучным ячаньнем лебедзяў, і горды гогаль быстра ляціць па ім, і шмат кулікоў, чырвонаволіх курухтаноў і розных іншых птушак у чаратох і на прыбярэжжах. Казакі жыва ехалі вузкімі двукіруннымі чаўнамі, дружна веславалі, асьцярожна абмінулі мелі, палохаючы падлятаўшыя птушкі, і гаварылі пра свайго атамана.