Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вала раней, схапіўшыя яго гайдукі. — Эх, старасьць, старасьць! — сказаў ён, і заплакаў дзябёлы стары казак. Але ня старасьць была вінавата: сіла перамагла сілу. Мала ня трыццаць чалавек павесілася ў яго на руках і нагах. — Папалася варона! — крычалі ляхі. — Цяпер трэба толькі прыдумаць, якую-б яму, сабацы, лепшую чэсьць задаць. І прысудзілі, з гэтманскага пазваленьня, спаліць яго жыўцом на вачох ува ўсіх. Тут-жа стаяла голае дзерава, верх якога разьбіла громам. Прыцягнулі яго жалезнымі ланцугамі да сьцябла дзерава, цьвіком прыбілі яму рукі і, падняўшы яго крыху вышэй, каб зусюль было відаць казака, пачалі тут-жа раскладаць пад дзеравам агонь. Але не на агонь глядзеў Тарас, не аб агні ён думаў, якім зьбіраліся паліць яго; глядзеў ён, небарака, у той бок, дзе адстрэльваліся казакі: яму з вышыні ўсё было відаць, як на далоні. — Займайце, хлопцы, займайце хутчэй, — крычаў ён, — горку, што за лесам: туды не падступяцца яны! Але вецер не данёс яго словаў. — Вось прападуць, прападуць за нішто! — сказаў ён распачліва і глянуў уніз, дзе блішчаў Днестар. Радасьць бліснула ў вачох яго. Ён убачыў высунутыя з-за хмызьняку тры чаўны, сабраў усю сілу голасу і гучна закрычаў: — Да берагу! да берагу, хлопцы! Спушчайцеся падгорнаю дарожкаю, што налева. Каля берагу стаяць чаўны, усе забірайце, каб ня было пагоні!

Гэтым разам вецер павеяў з другога боку, і ўсе словы былі пачуты казакамі. Але за гэткую раду дастаўся яму тут-жа ўдар абухом па галаве, які перавярнуў усё ў вачох яго.

Пусьціліся казакі на ўсю сілу падгорнаю дарожкаю; а ўжо пагоня за плячыма. Бачаць: блутаецца і загінаецца дарожка і шмат дае ў бок загібаў. — А, таварышы! ня куды пайшло! — сказалі ўсе, затрымаліся на міг, паднялі свае бізуны, сьвіснулі — і татарскія іхнія коні, адлучыўшыся ад зямлі, распластаваўшыся ў паветры, як вужакі, пераляцелі праз прорву і пападалі проста ў Днестар.