Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

накрыўшыся сваім досіць запэцканым саванам, і адвярнуўся, каб апошні раз плюнуць, паводле звычаю свае веры, як раптам вочы яго сустрэлі ззаду Бульбу. Так і кінуліся жыду перш за ўсё у вочы дзьве тысячы чырвонцаў, якія былі даклярованы за яго галаву, але ён пасароміўся свае карысьці і сілкаваўся здушыць у сабе вечную думку аб золаце, якая, як чарвяк, абмотвае жыдаву душу.

— Слухай Янкель! — сказаў Тарас жыду, які пачаў перад ім кланяцца і замкнуў асьцярожна дзьверы, каб іх ня бачылі. — Я выратаваў тваё жыцьцё — цябе разарвалі-б, як сабаку, запарожцы — цяпер твая чарга, цяпер зрабі мне паслугу!

Жыдаў твар крыху скрывіўся.

— Якую паслугу? Калі гэткая паслуга, што можна зрабіць, дык чаму-ж не зрабіць?

— Не кажы нічога. Вязі мяне ў Варшаву.

— У Варшаву? Як, у Варшаву? — сказаў Янкель. Бровы і плечы яго падняліся ўгару ад зьдзіўленьня.

— Не кажы мне нічога. Вязі мяне ў Варшаву. Што-б там ні было, а я хачу яшчэ раз убачыць яго, сказаць яму хоць адно слова.

— Каму сказаць слова?

— Яму, Астапу, сыну майму.

— Хіба пан ня чуў, што ўжо…

— Ведаю, ведаю ўсё: за маю галаву даюць дзьве тысячы чырвонцаў. Ведаюць-жа яны, дурні, цану ёй! Я табе пяць тысяч дам. Вось табе дзьве тысячы зараз (Бульба высыпаў з раменнага капшука дзьве тысячы чырвонцаў), а рэшту — як вярнуся.

Жыд зараз-жа схапіў ручнік і накрыў ім чырвонцы.

— Ай, слаўная монэта! Ай, добрая монэта! —