Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чаго-б гэта сабе ні каштавала!“ І праз тыдзень ужо апынуўся ён у месьце Умані, азброены, на кані, з дзідаю, шабляю, дарожнаю баклагаю каля сядла, з паходным гаршком і саламатаю, з парахавымі набоямі, конскімі путамі і іншаю збруяю. Ён проста пад’ехаў да нячыстае, запэцканае хацінкі, у якой невялічкія ваконцы ледзь было відаць, задымленыя невядома чым; комін заткнуты быў ганучаю, і дзіравая страха ўся была ўкрыта вераб’ямі. Гурба рознага сьмяцьця ляжала перад самымі дзьвярыма. З вакна выглядала галава жыдоўкі ў чэпчыку з пачарнеўшымі жомчугамі.

— Муж у хаце? — сказаў Бульба, злазячы з каня і прывязваючы повад да жалезнага кручка, быўшага каля самых дзьвярэй.

— У хаце, — сказала жыдоўка і пасьпяшалася зараз-жа выйсьці з пшаніцаю ў корчыку для каня і квартаю піва для рыцара.

— Дзе-ж твой жыд?

— Ён у другой сьвятліцы, моліцца, — сказала жыдоўка, кланяючыся і пажадаўшы здароўя, у той час, калі Бульба паднёс да губаў кварту.

— Заставайся тут, накармі і напой майго каня, а я пайду, пагавару з ім адзін. У мяне да яго справа.

Гэты жыд быў вядомы Янкель. Ён ужо апынуўся тут арэндатарам і карчмаром, прыбраў пакрысе ўсіх ваколічных паноў і шляхцічаў у свае рукі, высмактаў пакрысе ледзь ня ўсе грошы і моцна азначыў сваё жыдоўскае быцьцё ў тым краі. На адлежнасьці трох міляў ува ўсе бакі не заставалася ніводнае хаты ў парадку: усё валілася і старэла, усё парасьпівалася, і засталася беднасьць ды рызьзё; як пасьля пажару або чумы выветрыўся ўвесь край. І калі-б дзесяць гадоў яшчэ пажыў там Янкель, дык ён, напэўна, выветрыў-бы і ўсё ваяводзтва.

Тарас увайшоў у сьвятліцу. Жыд маліўся,