Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і князі, князі рускага роду, свае князі, а не каталіцкія недаверкі. Усё ўзялі бусурманы, усё прапала; толькі засталіся мы, сіратлівыя, ды, як удава пасьля крэпкага мужа, сіратлівая, таксама, як і мы, зямля наша! Вось у які час падалі мы, таварышы, руку на брацтва! Вось на чым стаіць нашае таварыства! Няма узаў сьвяцейшых за таварыства. Бацька любіць сваё дзіця, маці любіць сваё дзіця, дзіця любіць бацьку і маці; але гэта ня тое, браточкі: любіць і зьвер сваё дзіця! Але парадніцца сваяцтвам па душы, а не па крыві, можа адзін толькі чалавек. Бывалі і ў іншых землях таварышы, але гэткіх, як у рускай зямлі, ня было гэткіх таварышоў. Вам здаралася не аднаму пакрысе прападаць на чужыне; бачыш: і там людзі! таксама Божы чалавек, і разгаворышся з ім, як з сваім; а як дайдзе да таго, каб сказаць сардэчнае слова — бачыш: не! разумныя людзі, ды ня тыя, гэткія самыя людзі, ды ня тыя! Не, браточкі, гэтак любіць, як можа любіць руская душа, — любіць ня тое, каб розумам ці чым іншым, а ўсім, чым даў Бог, што толькі ёсьць у табе — га! — сказаў Тарас, і махнуў рукою, і патрос сіваю галавою і вусам маргнуў, і сказаў: — Не, гэтак любіць ніхто ня можа! Ведаю, подла завялося цяпер на зямлі нашай: думаюць толькі каб пры іх былі хлебныя стагі, аруды, ды конныя табуны іх, ды былі-б цэлымі ў скляпох пазапячатваныя мяды іхнія, пераймаюць, чорт ведае якія, бусурмэнскія звычаі; пагарджаюць моваю сваёю; свой з сваім ня хоча гаварыць, свой свайго прадае, як прадаюць бяздушнае быдлё на гандлёвым рынку. Міласьць польскага караля, дый не караля, а паскудная міласьць польскага магната, які жоўтым ботам сваім б’е іх у морду, даражэйшая для іх за ўсякае брацтва. Але ў апошняга падлюгі, які ён ні ёсьць, хоць увесь выпэцкаўся ён у сажы і паклоньніцтве, ёсьць і ў таго, браточкі, крупінка рускага пачуцьця, і прачхнецца яно калі-нібудзь, —