Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

падняць іх бясьсільным рэкам; калі-ж бязьветрана і ціха, дык ясьней за ўсе рэкі расьсьцілае яно сваю неаглядную шкляную паверхню, вечную ласку вачэй.

І загадаў Тарас распакаваць сваім слугам адзін з вазоў, стаяўшы асобна. Большы і мацнейшы за ўсе іншыя ён быў у казацкім табары; падвойнаю моцнаю шынаю былі абцягнены дзябёлыя колы яго; цяжка быў ён накладзены, укрыты папонамі, моцнымі валовымі скурамі і ўвязаны туга засмаленымі вяроўкамі. У возе былі ўсё баклагі і барэлкі старога добрага віна, якое доўга ляжала ў Тараса ў паграбох. Узяў ён яго ў запас, на ўрачысты выпадак, каб калі здарыцца вялікая мінута і перад усімі будзе стаяць справа, вартая на перадачу патомкам, дык каб кожнаму, да аднаго, казаку давялося выпіць запаведнага віна, каб у вялікую мінуту вялікае і пачуцьцё заўладала чалавекам. Пачуўшы палкоўніцкі загад, слугі кінуліся да вазоў, палашамі перарэзвалі моцныя вяроўкі, зьнімалі тоўстыя валовыя скуры і папоны і сьцягвалі з воза баклагі і барэлкі.

— А бярэце ўсе, — сказаў Бульба, — усе, колькі ні ёсьць, бярэце, што ў каго ёсьць: коўш, або чарпак, якім поіць каня, або рукавіцу, або шапку, а калі што, дык і проста падстаўляй абедзьве жмені.

І казакі ўсе, колькі ні было іх, бралі: у каго быў коўш, у каго чарпак, якім паіў каня, у каго рукавіца, у каго шапка, хто падстаўляў і так абедзьве жмені. Усім ім слугі Тарасовы, ходзячы паміж радамі, налівалі з баклагаў і барэлкаў. Але не загадаў Тарас піць, пакуль ня дасьць знаку, каб выпіць ім усім разам. Відаць было, што ён хацеў нешта сказаць. Ведаў Тарас, што як ні моцнае само па сабе старое добрае віно і як ні здольнае яно ўзмацніць дух чалавека, але калі да яго ды прылучыцца яшчэ прыстойнае слова, дык двойчы мацнейшаю будзе сіла віна і духу.