ТАНЗІЛІЯ
Татарскі хутарок стаіць на паляне маленькай сямейкай з трох будынкаў: хаты, хлева і пуні. З абодвух бакоў, перарэзаны прасёлачнай дарогай, цягнецца цеснымі радамі і сьлепіць прастор густы лісьцяны лес. Здаецца, што дрэвы атуляюць сабою ўвесь сьвет і дзесьці хаваюцца за канцом яго, ускочыўшы туды дзеля недахопу месца, бо ззаду напіраюць суседзі — ідзі ды ідзі!
Лёгкі летні ветрык вандруе па вершалінах дрэў, нахіляе-гне тоненькія пальчыкі-галінкі, шуршыць па зеляніве лісьцяў, лічыць іх, блытаецца, на хвіліну прыціхне, пасьля чаго пачынае свой лік спачатку.
Час-ад-часу даносіцца здалёку з глыбіні лесу гук пастырскай трубы. Прапушчаны праз сваё бярозавае гняздо, голас выплывае на волю з цеснай рулькі трохі вільготны і нягладкі; потым, стукаючыся водгаласкамі аб цьвёрдыя пні, ён ачышчаецца i пераліваецца ў цьвёрдыя медзяныя тоны.
Калі-ні-калі раздаецца жаласьлівы піск птушкі, пакрычыць яна і адрывіста змоўкне, нібы хто яе раптам прыдушыў.