Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Але, але! Дзіўныя думкі прыходзяць мне да галавы… Выпадковасьць гэта ці не, што кроў у нас чырвоная. Бачыш… калі ў галаве тваёй родзіцца думка, калі ты сьніш свае сны, ад якіх, прачхнуўшыся, дрыжыш і плачаш, калі чалавек увесь загараецца ад палу, дык гэта значыць, што кроў б’е з сэрца мацней і прылівае чырвонымі ручаямі да мазгоў. Ну, і яна ў нас чырвоная…

— Чырвоная… гарачая… — сказаў дзяцюк, удумаўшыся…

— Вось-вось — чырвоная і гарачая. І вось, чырвоны колер, як і „чырвоныя“ гукі, пакідаюць у нашай душы сьвятло, рухлівасьць і прадстаўленьні аб жаданьні, якое так і завуць „гарачым“, кіпучым, сьпякотлівым. Дзіўна, што й мастакі лічаць чырванаватыя тоны „гарачымі“.

Зацягнуўшыся і абкружыўшы сябе клубкамі дыму, Максім казаў далей:

— Калі ты махнеш рукою над сваёй галавою, дык зробіш ёю паўкола. Цяпер уяві сабе, што рука ў цябе бесканечна доўгая. Калі-б ты мог тады махнуць ёю, дык зрабіў-бы кола ў бесканечным аддаленьні… Гэтак вось далёка бачым мы над сабою паўкульны каўпак неба; яно роўнае, бесканечнае і сіняе… Калі мы бачым яго гэткім, дык у душы зьяўляецца адчуцьцё спакою і яснасьці. А калі неба засьцелюць хмары ўсхвалёванымі і мутнымі абрысамі, тады і яснасьць душы нашае мутнее ў неазначальным хваляваньні. То-ж ты чуеш, як надходзіць грымотная хмара…

— Але, я чую, як быццам нешта непакоіць душу…

— Гэта так. Мы чакаем, калі з-за хмараў зірне ізноў гэта глыбокая сінявасьць. Грымот прайдзе, а неба застанецца ўсё тое-ж самае: мы гэта ведаем і праз гэта спакойна перажываем грымоты. Дык вось, неба сіняе… Мора таксама