Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бачыць ― выходзіць з зямлі стары дзед, апрануты ў доўгую вопратку. Саул пазнаў у ім Самуіла, і пакланіўся яму да зямлі. Саул сказаў: „цяжка мне; філісьцімляны ваююць супроць мяне, а Бог адступіўся ад мяне і не адказвае мне ані праз прарокаў ані у сьне, дзеля гэтага я й паклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што рабіць мне". ― Самуіл адказаў: „навошта ты пытаешся мяне, калі Гасподзь адступіўся ад цябе? Гасподзь зробіць тое, што казаў праз мяне: аднімець царства з рук тваіх і аддасьць яго Давіду. Заўтра ты й сыны твае будзеце са мною, а лягер ізраільскі Гасподзь перадасьць у рукі філісьцімлянаў". На другі дзень адбылася бітва. Філісьцімляны разьбілі яўрэяў дашчэнту. Тры сыны Саула былі забіты, а сам ён быў цяжка ранены. Баючыся жывым трапіць у лапы ворагаў, Саул прасіў свайго зброяносца дабіць яго, але той адмовіўся; тады Саул уткнуў у зямлю свой меч сьпічаком уверх і кінуўся на яго.

Давід даведаўся аб сьмерці Саула ад аднаго амалікіцяніна, які, спадзяючыся адтрымаць вялікую нагароду, прынёс яму карону Саула і непраўдзіва сказаў, быццам сам прыкончыў яго. Давід выклікнуў: "як ты не баяўся падняць руку на памазаньніка Божага?" і загадаў свайму ваяку безадкладна забіць амалікіцяніна, як павіннага ў забойстве цара. Сьмерць Саула і сыноў яго Давід аплакаў у асобнай песьні, якую сьпяваць навучыўся ўвесь народ.

§ 63. Зацараваньне Давіда (1060 г. да Х. Н.). Заваяваньне Ерусаліму. Новая скінія. Перанос у яе каўчэга завету. Думка аб пабудове Храму.

Па сьмерці Саула, Давід запытаўся ў Бога, куды яму йсьці. „Ідзі ў Хэўрон", ― быў адказ. Калена Юдава адразу прызнала Давіда сваім царом. Рэшта каленаў падтрымлівала Евасфэя, сына Саулавага. Пачалася хатняя вайна, якая цягнулася пяць гадоў. Калі Евасфэй быў забіты сваімі прыбліжанымі, усе калены ізраільскія прыйшлі ў Хэўрон да Давіда і абвясьцілі яго царом, кажучы: "вось мы косьці твае й цела тваё". Пасьля гэтага Давід урачыста быў памазаны на царства. Ня гледзячы на свае маладыя гады (30 г.), Давід меў ужо багатае жыцьцёвае дасьведчаньне і блізка быў знаёмы з запраўднымі патрэбамі свайго народу.