Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету.pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кален па посаху, і імя кожнага напісаць на посаху яго, а імя Аарона напісаць на посаху прадстаўніка калена Левія, далей ― палажыць іх у скініі перад каўчэгам завету: "каго я выбяру ― сказаў Гасподзь ― посах таго зацьвіцець". Майсей зрабіў так. На другі дзень Майсей, на вачох усяго народу, ўвайшоў у скінію і вынес посахі. Аказалася, што посах Аарона зацьвіў, пусьціў пупышкі, дау кветкі і сьпелі на ім міндальныя гарэхі. Па загаду Божаму, посах гэты быў паложаны ў каўчэг завету.

§ 43. Вандраваньне яўрэяў у пустыні.

38 гадоў вандравалі яўрэі ў пустыні каля Чырвонага мора. Гэтае вандраваньне было поўнае ўсялякіх стратаў і нястачы. Дарога йшла па пустынных цясьнінах і далінах, што надта ўтруджала народ, які пасоўваўся з вялізарным абозам і статкамі. Цягаты дарогі былі вынятковыя. Улетку іх паліла нястрывалая сьпякота, узімку часта іх лягер засыпала сьнегам. Часта выяўляўся брак яды і здаровай вады. Не заўсёды яны маглі йсьці простаю дарогаю: у гэтым ім перашкаджалі суседнія народы, якія, баючыся навалы на іх граніцу, выступалі з войскам проціў новых прышэльцаў.

Як і да Сінаю, народ і цяпер няраз выказваў незадаволеньне проці Майсея за тыя ці іншыя нявыгоды дарогі, напр., на брак мяса, рыбы, гуркоў, цыбулі, часныку і інш. чым у дастатку карыстаўся раней у Эгіпце. Гэта ўсё Майсей адчуваў надта балюча. Як і раней, ён заўсёды ў такіх выпадках зварочваўся з малітвай да Бога, просячы Яго выбачыць перакарлівы і непаслушны народ і паслаць яму ўсё патрэбнае.

Прайшлі дзесяткі гадоў вандраваньня па пустыні Сінайскай. Пакаленьне, якое Майсей вывяў з Эгіпту, паступова вымірала. Яно не заслугоўвала свабоды, дадзенай Майсеем і павінна было ўступіць сваё месца новаму пакаленьню, загартованаму ў трудох і нястачах пустыні, прайшоўшаму цяжкі шлях узгадоўваньня ад беглага раба да арганізованага народу. Толькі такое пакаленьне магло адважна стрэнуць шматлікіх ворагаў і ачысьціць ад іх абяцаную зямлю. І гэтае новае пакаленьне к канцу 38-х гадовага вандраваньня Майсей прывёў, нарэшце, да граніцаў Ханаану.