Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Старога Завету.pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

толькі ён зрабіў від, што спаўняе загад цара. Элеазар сказаў на гэта: „у мае гады нельга фальшывіць. Што скажуць маладыя людзі, калі 90-гадовы Элеазар адступіць ад веры? Калі я цяпер і пазбаўлюся мукаў, дык пасьля сьмерці не ўцяку ад рукі Найвышэйшага". У канцы канцоў Элеазара, разумеецца, забілі.

За Элеазарам пайшла сьледам адна ўдава, яўрэйка Саляманія, з сваімі сёма сынамі. Іх таксама прымушвалі есьці ідалаахвярнае мяса, але яны адмовіліся. Тады, па загаду лютага Эпіфана, іх пачалі катаваць. На вачох гаротнае маці, шасьцём з яе сыноў, аднаму за адным, адсеклі рукі й ногі, выразалі языкі, садралі скуру з усяго цела і, нарэшце, спалілі на агні. Але, падтрымліваныя маткаю, мучанікі не адмовіліся ад свае веры. Заставаўся жывым яшчэ толькі адзін сын яе, наймалодшы. Антыёх Эпіфан сам пачаў пераконваць яго зрачыся свае веры, пачаў лашчыць юнака, суліў яму багацьце і добрую пасаду, але той быу няуломны. Тады цар паклікаў да сябе Саляманію і запрапанаваў ёй зрабіць уплыў на сына. Але яна, нахіліўшыся да яго, у сваёй роднай мове сказала яму: „упрашаю цябе, сыночак, ня бойся гэтага забойцы, ды будзь такім, як твае браты, і прыймі сьмерць, каб Гасподзь, па уваскрасеньні, вярнуў мне цябе разам з імі". Юнак быў замучаны, а пасьля спалілі і самую маці[1].

§ 91. Змаганьне яўрэяў за нацыянальную й рэлігійную свабоду. Матафія і яго сыны. Юда і Сымон Макаве (167 г. да Хр. Нар.).

Збавіцелем народу ад страшных прасьледаваньняў за веру зьявіўся сьвяшчэньнік Матафія з пяцьма сынамі: Сымонам, Іванам, Юдаю, Элеазарам і Іонафанам. Задумаўшы паўстаньне, Матафія выдаліўся з сынамі з Ерусаліму ў свой родны горад Модын і там пачаў зьбіраць сілы дзеля ўдару супроць ворагаў. Здарылася так, што ў гэты горад прыехаў царскі ўрадовец, каб быць прысутным, калі жыхары будуць прыносіць ахвяру паганскім багом. Урадовец зьвярнуўся да Матафіі, каб ён, як сьвяшчэньнік, даў прыклад іншым,

  1. Памяць сямёх братоў Макавеяў і маці іх Саляманіі праваслаўная царква сьвяткуе 1 жніўня.