Хрыстос ўсё яшчэ вучыў народ, які не хацеў расхадзіцца. Тады занепакоеныя вучні кажуць Іісусу: „Месца тут бязьлюднае, а час позны: адпусьці народ, каб ён мог пайсьці ў блізкія вёскі пераначаваць і купіць сабе хлеба“. На гэта Гасподзь адказаў вучням: „Вы дайце ім есьці“. Вучні сказалі: «У нас тут толькі пяць хлебаў і дзьве рыбы, але-ж што гэта для такога мноства людзей?». Тады Іісус Хрыстос загадаў вучням рассадзіць народ на траве радамі па 50 і 100 чалавек і падрахаваць усіх. І зрабілі так, і рассадзілі усіх. Аказалася каля пяцёх тысячаў чалавек, ня лічачы жанчын і дзяцей. Калі ўсе селі, Гасподзь узяў пяць хлебаў і дзьве рыбы, і паўзіраўшыся ў неба, багаславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі народу. І елі ўсе людзі і насыціліся, і яшчэ сабралі вучні недаедкаў 12 поўных кашоў.
Людзі, захопленныя чудам, якое стварыў Іісус Хрыстос, казалі: „Гэта ўзапраўды Той Прарок, Які павінен прыйсьці ў сьвет“.
Даведаўшыся, што хочуць прыйсьці, неспадзеўкі ўзяць Яго і абвясьціць царом, Іісус Хрыстос адаслаў ад Сябе Апосталаў і адыйшоўся на гару Адзін, каб памаліцца.
33. Хаджэньне Іісуса Хрыста па вадзе.
Мат. XIV, 24—33; Мрк. VI, 47—52; Іоан. VI, 16—21.
Апосталы, па загаду Вучыцеля, паехалі чоўнам на другі бок возера. Рабілася цёмна. Дзьмуў моцны вецер. Возера было вельмі неспакойнае. Вялікія хвалі білі па бакох чоўна і кожную мінуту пагражалі затапіць яго. Апосталы выбіліся з апошніх сілаў, бо цэлую ноч змагаліся з грознай навалай. Раптам — гэта было ўжо на сьвітаньні — яны ўбачылі Госпада, Які ішоў да іх па вадзе, як-бы па зямлі. Спачатку яны падумалі, што гэта — здань і ад страху пачалі крычаць. Але Іісус Хрыстос прамовіў да іх: „Ня бойцеся, гэта я“. Апостол Пётр, пачуўшы голас свайго Вучыцеля, кажа Яму: „Калі гэта Ты, Госпадзі, дык пазволь мне прыйсьці да Цябе па вадзе“. Гасподзь адказаў: „Ідзі“! І выйшаўшы з чаўна, Пётр пайшоў па вадзе, каб падыйсьці да Іісуса, але збаяўшыся ветру, пачаў тануць і закрычаў: „Госпадзі, спасі мяне!“ Іісус пра-