стых і бедных, якіх адзначала глыбокая вера, адданасьць Свайму Вучыцелю і чыстае, незласьлівае сэрца. Усе яны з паходжаньня былі яўрэі, пры тым не з аднаго толькі калена Левія, з якога абіраліся старазаветныя сьвяшчэньнікі, а з розных каленаў, бо І. Хрыстос меўся заснаваць новае ўсясьветнае сьвяшчэнства. Вось імёны 12 Апосталаў: Андрэй, ягоны брат Сіман, які зваўся Пятром, Якаў і Іоанн, Піліп і Баўтрамей (Нафанаіл), Матвей і Хама, Якаў Алфеяў і Сіман, празваны Зілот, Юда Якаўлеў і Юда Іcкарыёт, які пасьля прадаў Хрыста.
Абраньне 12 Апосталаў было вельмі важным момантам у служэньні І. Хрыста. Дасюль Гасподзь не абвяшчаў адкрыта вучэньня Евангельля. З гэтага-ж часу, маючы адданых Сабе вучняў і Апосталаў, Хрыстос пачынае раскрываць перад імі і перад народам усе тайны заснаванага ім Царства Божага. Перш за ўсё Хрыстос робіць гэта ў т. зв. Нагорнай Пропаведзі. Яна зьмяшчае ў сабе важнейшыя ісьціны Новазаветнага Закону, які йшоў на замену аджываўшага ўжо свой век закону Майсеевага.
23. Нагорная Пропаведзь.
Мат. разьдз. V, VI і VII; Лук. VI, 17—49.
Нагорную пропаведзь І. Хрыстос вымавіў з гары вучням Сваім і мноству народу, які папрыходзіў з усяе Юдэі і Ерусаліму і прыморскіх гарадоў, каб паслухаць Яго і пазбыцца хворасьцяў сваіх. Усе стараліся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і аздараўляла ўсіх. Напярэдадні Хрыстос цэлую ноч правёў Адзін у малітве на гары (Лук. VI, 12). Калі настаў дзень, Хрыстос спусьціўся ўніз да таго месца, дзе чакалі Яго вучні і народ, і, «падняўшы вочы Свае на вучняў Сваіх», пачаў гаварыць. Перш за ўсё Хрыстос гаварыў аб тым, як людзі павінны жыць, каб дасягнуць шчасьця, каб стварылася на зямлі запраўднае Царства Божае, каб і па сьмерці атрымаць чалавеку вечнае збаўленьне ў Царстве Нябесным.