І. Хрыстос у той-жа самы дзень паказаў і на другім прыкладзе — ужо ня словам толькі, а дзелам. Ён чудоўна аздаравіў аднаго сухарукага, які з глыбокаю вераю прасіў у Хрыста помачы. Перад гэтым І. Хрыстос спытаўся ў фарысэяў: «Што треба рабіць у суботу дабро ці зло? збавіць душу ці загубіць?» Фарысэі маўчалі. І. Хрыстос казаў далей: «Хто з вас, маючы адну авечку, калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, не вазьме яе і ня выцягне? Таму — кажа — можна і ў суботу рабіць дабро». Пасьля гэтых слоў І. Хрыстос сказаў сухарукаму: «Выцягні руку тваю». Ён выцягнуў, і стала яна здаровая, як другая. Як наагул трэба разумець закон аб субоце, якую «Сын Чалавечы, як гаспадар суботы», можа і зусім скасаваць, гэта І. Хрыстос коратка высьвятліў у такіх глыбока паказальных і праўдзівых словах: «Субота для чалавека, а не чалавек для суботы» (Мрк. II, 27—28).
22. Абраньне дванаццацёх Апосталаў.
Мат. X, 1—4; Мрк. III, 13—19; Лук. VI, 12—16.
Гасподзь І. Хрыстос прыйшоў на землю дзеля збаўленьня ўсіх людзей. Між усімі народамі павінна было быць пашырана Слова Божае, Сьв. Евангельле. Дзеля гэтага Хрысту трэ’ было выбраць гурток шчырых і адданых пасьледавальнікаў, якія бы, з вераю ў Яго Божае пасольства, распаўсюдзілі Евангельле па ўсім сьвеце. І. Хрыстос і зрабіў гэта, «каб былі з Ім, каб пасылаць іх на пропаведзь, каб мелі ўладу аздараўляць хворых, і выганяць злых духаў», — зрабіў аднак ня ў Юдэі, дзе ўсюды прасьледвала Яго злосьць фарысэяў, а ў далёкай, ціхай Галілеі, паблізу так любага яму Гэнісарэцкага возера.
Раней абраньня Апосталаў Гасподзь узыйшоў на гару памаліцца; целую ночь правёў Ён у малітве. Калі настаў дзень, Хрыстос паклікаў на гару Сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх назваў Апосталамі або пасламі. На Апосталаў І. Хрыстос абраў ня знатных, багатых ці адукаваных людзей, а самых про-