Перайсці да зместу

Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету (1936).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

19. Чудоўнае аздараўленьне аслабленага.

Лук. V, 17—26; Мат. IX, 1—8; Мрк. II, 1—12.

Прыйшоў Іісус Хрыстос у Капернаум і стаў вучыць у адным доме. Народу сабралася гэтулькі, што нават ля дзьвярэй ня было месца. У гэты час чацьвёра людзей прынясьлі на пасьцелі аслабленага (жыламі) чалавека, каб палажыць яго перад Іісусам, бо чулі пра „сілу Госпадаву дзеля аздараўленьня людзей“. Але прынёсшыя ніяк не маглі праціснуцца праз натоўп. Тады яны ўзьлезлі на верх дому і праз страху[1] спусьцілі хворага з пасьцельлю на сярэдзіну перад Іісусам. Толькі глыбокая вера ва ўсемагутнасьць Іісуса магла ўдыхнуць ім гэтую думку. Гасподзь, бачачы веру іх, сказаў чалавеку гэнаму: „Адпускаюцца табе грахі твае“. Гэтыя словы чулі некаторыя з фарысэяў і кніжнікаў, якія прыйшлі з Галілеі, Юдэі і нават з Ерусаліму паслухаць Іісуса. Яны пачалі між сабою разважаць: „Хто можа адпускаць грахі, апрача аднаго Бога?“ Іісус, ведаючы думкі іхныя, сказаў ім: „Што лягчэй сказаць: адпускаюцца табе грахі твае ці сказаць: „Устань, вазьмі пасьцель тваю і хадзі? Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі — сказаў Ён аслабленаму: табе кажу: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў хату тваю“. Хворы адразу ўстаў, узяў усё, на чым ляжаў, і пайшоў да хаты, славячы Бога. І страх апанаваў усіх, і славілі Бога, кажучы: „Дзіўныя падзеі бачылі мы сяньня“.



  1. На ўсходзе дамы маюць плоскія стрэхі, на якіх можна гуляць ці адпачываць. Гэтыя стрэхі ў некаторых дамох рассоўваюцца, каб з хаты адразу можна было выйсьці на верх. Разумеецца, можна на страху ўлезьці і з панадворку, па сходах.