для іх будзе: мір і спакой для душы, пашана і любоў ад людзей, міласьць і ласка ад Бога. Яны «ўвайдуць у радасьць Гаспадара Свайго», як гаворыцца ў Евангельлі.
А хто, як злы і лянівы раб, баючыся працы, няздольны на вялікія і самаахвярныя ўчынкі, схавае свой «талант» у зямлю, г. зн. ня выкарыстае яго зусім, той варты пакараньня, якое заслужыў евангельскі раб. Сухі, чэрствы самалюб, ён сьцеражэць толькі свой спакой. Ад яго ўчасьця, яго працы людзям — як гаворыцца —
«ані цёпла, ані холадна». Калі ён і робіць што-колечы, дык толькі выконваючы свой абавязак і толькі для ўласнага свайго дабра, а што па-за гэтым (агульнае дабро і шчасьце), дык гэта яго мала цікавіць. Яму не стае шчырасьці, ахвярнасьці, шырокага сэрца, не стае адданасьці да працы, тым часам, як толькі такім адношаньнем будуецца Царства Божае на зямлі.
«Хто мае вушы слухаць, няхай слухае»: такім зваротам Іісуса Хрыста і кожны з нас заклікаецца разважыць, як мы ўжываем дадзены нам ад Бога «талант».
66. Вобраз страшнага Суда Божага.
Мат. XXѴ, 31—46; XXVI, 1—2.
Аб апошнім вялікім судзе Сваім Іісус Хрыстос вучыў так: „Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя ангелы з Ім, тады сядзе на пасадзе славы Свае, і зьбяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе оўцы ад казлоў; і паставіць оўцы (праведных) на правы ад Сябе бок, а казлоў (грэшнікаў) на левы». І скажа Цар тым, якія на правы бок ад Яго: „Прыдзеце, багаслаўлёныя Айца Майго, насьледуйце Царства, прыгатаванае вам ад стварэньня сьвету, бо Я хацеў есьці, і вы далі Мне (есьці); Я хацеў піць, і вы напаілі Мяне; Я быў у дарозе і вы прынялі Мяне; быў нагі і вы апранулі Мяне, быў хворы і вы наведаліся да Мяне; у вастрозе быў, і вы прыйшлі да Мяне». Тады