Старонка:Сьветацені (1928).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Раскідаў месяц перамёты
Над соннай шэраньню гаёў…
Застыла цёплая дрымота
У сьнежных занізях палёў.

І люба мне, —
У вячэрняй муці
Прыпомніць Днепр, Дзьвіну і Сож…
Люблю глядзець,
Як нехта круціць
Ў прасторах дымную пустош.

Зіма, зіма…
У марозных бомах
Прагорклі казкі лучнікоў,
І скрыпы дальніх палазоў.
І неразгадных і знаёмых.

А ўсё-ж люблю
Ў начную дую
Глядзець на сьнежныя плятні, —
Прыпомніць ў думках дарагую,
І вёсен зьнікшыя агні.