Старонка:Сьветацені (1928).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЛІСТ У СІБІР

З. Б.

Засыпан Менск халоднымі сьнягамі,
Пад палазамі гойсае зіма…
Астрыжан клён асеньнямі сярпамі —
Лістоў няма…
А помніш ростань,
Помніш, дарагая,
Як дагарала восеньская медзь,
Так і душа ў шуканьнях дагарае,
Каб не гарэць…
Тады плылі,
Плылі на поўдзень гусі,
Будзіў лясы
Асеньні сьвіст і гуд…
А ты мяняла поле Беларусі
На дальнюю тайгу…
Цяпер зіма скрыпіць пад палазамі,
Заледзянела дарагая шыр…
І часта, часта
Думаю начамі
Я пра Сібір.