Старонка:Сьветацені (1928).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

За кроснамі часу ня прыкмеціш,
Дзень прабег так хутка, хоць ня вер…
Што-та робіцца цяпер на сьвеце,
Што на сьвеце робіцца цяпер?

Вечар гасіць сонечныя плёсы.
Усплываюць зоры ў сіняве.
Нудна звон надломаны галосіць
У заседжанай варонамі царкве.

А у клюбе чуюцца цымбалы.
Многа чутак, радасьці, надзей…
Дзень папоўз за сонныя абвалы.
Лёг туман на дрэмлючай вадзе…

У душы дзяўчыны парываньні
Сэрца паляць радасьцю надзей.
На‘т пастылае зблудзілася ў тумане,
На‘т нялюбае зрабілася мілей.

Смуту дзён кудысьці ветры гоняць,
Гоняць марныя нязбыўчывыя сны…
Сёньня ўсё на сьвеце комсамоліць
Ціхаструнным водгульлем вясны.