Старонка:Сьветацені (1928).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Зямля, дружок,
Зямля, брат, адалела,
Няма калі ні сеяць ні пахаць.

І нашы рукі,
Братка, не жалеза,
Вышэй за пупа нельга, брат, скакаць…
Пяць дзесяцін я атрымаў прырэзу,
Ды толькі дзён юнацкіх не дагнаць.

Тут не далёка хутар ёсьць „Застава“,
Там нейкая арцель,
На неякіх паях,
Вось там, дружок,
Зусім другая справа,
А наша справа, братка, —
Швах…

Варона нос яшчэ не церабіла,
А ты патопчаш пяцера лапцей…
Прыстанеш сам,
Прыстане і кабыла
Пакуль у лозе змоўкне салавей.

Ня вылезьці з лапцей,
Ня вылезьці з саломы,
А паглядзіш,
Зямлі хоць гаць гаці…
Аддам на лета сына ў агрономы
Няхай навучыцца як сьцежкі церабіць…
.............