Старонка:Сынтэза беларускае гісторыі.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

”КАЛОСЬСЕ”
Кніжка 4./17/. Вільня, 1938
с. 233—237



М. ШКЯЛЁНАК. Сынтэза беларускае гісторыі
/паводле праф. М. Доўнар-Запольскага/

Хто з Беларусаў, хоць крыху знаемы з досьледамі над роднай гісторыяй, не спаткаўся з прозьвішчам праф. Доўнар-Запольскага, вялікім і дарагім ня толькі для беларускага гісторыка, але наагул для кожнага Беларуса! Праф. Доўнар-Запольскі — гэта запраўды нашая гордасць. Працы яго, прысьвечаныя гісторыі Беларусі ад найдаўнейшых часоў, ведамы загранічнаму навуковаму сьвету. Няўтомны працаўнік, праф. Доўнар-Запольскі выпусціў у сьвет шмат капітальных працаў у мове расейскай і беларускай аб сваей бацькаўшчыне — Беларусі. Але ня толькі ў гэтым зьмяшчаецца яго хаслуга ў беларускай гісторыі, як навуцы. Шмат хто з ведамых гісторыкаў пісаў аб мінуўшчыне Беларусі, аднак значэньне іх есьць куды меншае. Заслуга праф. Доўнар-Запольскага галоўная ў тым, што ен першы палажыў фундамэнты сынтэзы беларускай гісторыі і вывеў асновы яе будучага прыгожага будынку. Бязупынныя студыі над мінуўшчынай свайго народу дазволілі праф. Доўнар-Запаольскаму дасканальна апанаваць гістарычны матарыял і зірнуць, калі так скажам, з птушынага ўзьлету на беларускую мінуўшчыну. Беларускім гісторыкам астаецца толькі ісьці шляхам, паказаным праф. Доўнар-Запольскім. Ясна, што гэты шлях патрабуе яшчэ ачыстки, магчыма, што ў некаторых мясцох яго трэба будзе выпраставаць, але кірунак яго есьць ужо азначаны. А гэта самае галоўнае.

Гэтая сынтэза нашае мінуўшчыны выражана ў працы паважанага прафэсара ”Асновы дзяржаўнасці Беларусі”, хоць думкі скондэнсаваныя ў ей ня трудна знайсці ўва ўсіх яго працах манаграфічных.

Пазнаемімся із зьместам разгляданай працы. На пачатку трэба зацеміць, што праца гэта зьявілася ў пэрыяд расейскай рэвалюцыі, калі ўсе народы б. расейскай імпэрыі, а ў іх ліку і Беларусы, імкнуліся да збудаваньня собскае гаспадарственасьці, калі паўставалі Польшча, Латвія, Літва, Чэхаславаччына і інш. новыя дзяржавы. Вось жа праф. Доўнар-Запольскі падаў гістарычныя асноы да будаванай тады ў Менску беларускае гаспадарственнасьці і адначасна выказаў і свой погляд на беларускую гісторыю, даючы яе кароткі сынтэтычны агляд.

Спыніушыся над этнографічным абшарам, займаным беларускім народам, праф. Доунар-Запольскі кажа:

”Беларуская нацыянальнасьць шчыльна жыве на гэтым абшары, а ў яе асяродзьдзі як кроплі спатыкаюцца іншыя нацыянальнасьці, згрупава-