Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ягор (з перакананьнем). Будзе, панечка!

Матка. Ня будзе!.. Адных пасадзяць у турму, іншых вышлюць, а іншых нават растраляюць, а рэшта — супакоіцца!.. Шмат сьлёз і крыві толькі дарма пральлецца — вось што вы зробіце! І нашто, каму патрэбны гэтыя ахвяры?!

Ягор. Без ахвяр нічога ня зробіш, пані! Усялякая новая справа вымагае ахвяр. Без ахвяр не абыйшоўся ніякі пераварот… Але!.. але! многія з нас згінуць, многа крыві пральлецца, многа ў турмах або ў ссылцы загубяць сваё жыцьцё, — а усё-ж-такі наш верх будзе! Нашым сыном затое лягчэй будзе жыць.

Матка. Эх, ня веру! Гутарка, толькі гутарка!.. З матыкай на сонца кідаецеся! Вось усё! Шкада мне вас, пан Ягор! У вас, бачу, так сама, як і ў іншых, у галаве перавернута! Такі малады, такі разумны вы чалавек, вы маглі-б так добра наладзіць сваё жыцьцё! На мой стары розум — нічога з гэтага ня будзе. Шкада сіл, шкада ахвяр!

Ягор. Не шкадуйце, пані! Жыць для ідэі і нават згінуць з вялікім клічам на вуснах — гэта так сама шчасьце!.. Э, што тут гутарыць! (Усьміхаючыся). Мы з вамі ніколі не згаворымся!..

Матка (сумна). Шкада мне гэтых матак, сыны якіх так марна штодзень гінуць!

Ягор. І многа яшчэ згіне, пакуль сонца волі заясьнее, а ўсё-ж наш верх будзе!

Матка. Эт, вас не пераканаеш! (Зьмяніўшы тон). Так вы запраўды значыць едзеце?

Ягор. Еду, пані! (Дастае грошы). Я вам за паўмесяца заплаціў ужо, значыць належыцца яшчэ за паўмесяца? Так? Крыўды ніякай няма, панечка?

Матка (бярэ грошы). Ды не, добра, усё добра… Якраз я пасьпела прад выездам прыгатовіць вашу бялізну.

Ягор. А, гатова бялізна? Добра. Колькі належыцца?

Матка. Людвіська! Падай пану Ягору яго бялізну!.. Рубель сорак…

Ягор (бярэ бялізну, плаціць). Вось грошы… Ну, а цяпер, панечка, дзякую вам за ўсё, бо не пабачымся — я вельмі рана еду… Ня гневайцеся на мяне, калі я вам зрабіў якую прыкрасьць і не ўспамінайце благім словам… (цалуе яе ў руку).

Матка. Пачакайце-ж, трэба вам яшчэ даць рэшты… (Ідзе налева).

ЗЬЯВА 5.
ЯГОР — ЛЮДВІКА.

Ягор (да Людвікі ціха). Сягоньня я прыду да цябе пагутарыць… Людвіка. Добра. Як маці засьне…

Ягор. Але. А трудненька-ж пераканаць тваю маму!..