Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА 1-я.
СЫМОН — ДОМНА — ТЭКЛЯ.

Сымон (верціць папіросу і пачосвае бараду). Але, але, зусім ня тое, чаго чакалі. Ды ласьне можна было спадзявацца за Яна, што ён такім будзе. Ніколі! Каб мне ўперад хто аб гэтым сказаў, я-ж бы вочы яму запляваў-бы. Гм. Ціхоня, рахманы, а глядзі ты як разбазыраў. Распусьціўся так, што і ні рады. Кожны раз нап‘ецца ды лайдачыць. Прахвост — дарма што зяць. Іначай нельга назваць яго. (Ідзе да ямкі, выграбае вугаль і закурвае. З папіросаю вяртаецца назад на лаўку). Ці ты бачыў яго! Не, не. Трэба якое кольвечы рады шукаць, так пакідаць нельга. Ён-жа проста зьвядзе дзяўчыну са сьвету. Ці-ж можна жыць пры гэткіх справах. Не! Бедная Палутка, не ўгадалі мы, аднак, зрабіць гэтак, як хацелі. Ласьне думалася, што ўсё так зложыцца? Ласьне спадзявалася? Чалавек хітраваў, радзіў, каб лепш было, а яно — на табе: ня лепш, а горш. Проста ліха нейкае жартуе над намі, глуміцца з нас. Здаецца, усяго ёсьцека, багацьця па вушы, што-б і спакойна ды ціха жыць, меркавацца і дзякаваць богу. Дык не! Чагосьці не дастае, штосьці бракуе. І п‘янства, распуста, сваркі… Ды глум над непавіннай дзяўчынай… Сказаў-бы, яна благая, Палута, бач — ну, тады іншая рэч: сяды-тады можна і ўважыць, а то дзяўчына, пане мой, уступная, рахманая, паслушная. Хоцькі і праз неахвоту пайшла замуж, але-ж маўчала, не дапамінала нікому. А далей было-б і зусім добра — зжыліся-б і жылі-б памяркоўна… Не, мабыць, наўмысьне караемся мы богам. Хто ведае, мо‘ ўсё гэта і затое, што мы ўжо так усё раптоўна састроілі, пасьпяшыліся? Зусім ня ўважалі ні просьбы Палуты, ні яе хаценьня. А трэ‘ было-б усё разглуздаць, абмеркаваць… Мо‘ і… па Палуцінаму каб зрабілі — не ашукаліся-б… Але… ужо не паправіш. Глядзеце, як замёрзьлі вокны. І ўсё яшчэ намярзаюць далей… Трэба паліць агонь, — ужо ў другіх сьвеціць… Дрэнна справа з гэтымі Сьлівамі — хоць бяры ды варочай Палуту да сябе назад.

Домна (засьвечвае агонь). Але, але, на яго ліха, ня важная рэч… Ды яшчэ як ня важна! Палутку нашчэнт зьбядуюць, нашчэнт зьвядуць. Як знарок насталі. (Варочаецца ў мыцельнік). Нават ня так ужо Ян, як гэта Матруна. Не давядзі госпад такое кабеты. Грызе ды грызе ды грызе. Усё не па яе, усё ня так, як ёй хочацца. Абы прычапіцца. Чаго-чаго на яе не вычварае, чаго ня валіць на яе… А тут яшчэ на падмогу прыйдзе гэты прайдоха, Якаў, ці выдра гэта, яго жонка… Упікаюць увесь час Пятрусём, празываюць дэмократкаю ды іншае… Не, Сымонка, так далей не павінна быць, не! Трэ‘ Палутку забраць да сябе… Вось хай яшчэ раз толькі падніме на яе руку — тады аман. Ісьці і браць яе да дому. Бо што-ж то можа выйсьці? Хай сядзіць ляпей дома, есьць з намі і нам робіць усё, ніж ад гэтых гадаў цярпець глум усякі ды зьдзекі… Я ўжо намервалася раней табе гэта сказаць, але, сабе думаю,