Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пяюць жудлівыя песьні і плачуць — хто вас разжалабіў гэтак, а? Шкадуеце прошласьці? Дзеля чаго і навошта вам? Эх, што за дрэнныя парадкі ў нашых людзей…

Сымон. Нічога, сваце, не парадзіш. Ня з іх пачалося, ня імі і канчаецца. Улад гэткі, вякамі выраблены, вынашаны і захаваны. Няхай паплачуць іхнія справы, іхні парадак. Старасьветчына-а-а!.. Ня так хутка выведзецца яна. Частуйцеся, родненькія, не чакайце просьбы.

Вураднік. А мне яна, гэта старасьветчына, падабаецца. Лашчыць чымсі, прывабляе да сябе, некі асобны настрой родзіць… Люблю я ўсе гэтыя забабоны. (Робіць асобны замах рукой).

Вясельны I-шы (лісьліва зазірае вурадніку ў вочы). А праўду кажаш, Сьцяпан Анухрэіч, прыятная рэч! Успаміны родзіць, мары навявае… Праўду кажаш…

Вясельны II-гі. Праўда, але, але. (Пакіўвае галавою).

Ян (спагадна глядзіць на Палуту і кратае яе рукою). Палутка, родная, кінь ужо горніцца. Навошта табе так блізка да сэрца прымаць! (Абымае яе). Кінь, даражэнькая, горніцца-а-а.

Палута (адхіляецца ад яго твару). Не чапай мяне, пакінь неспакоіць.

Ян (прыгінаецца да яе твару). Я-ж цябе прашу. Сьцешся, Палутка.

Маршалак. (Кабеціна падае яму талерку з жытам. Ён пакрывае яе ручніком, пасьля адразае акраец караваю і кусок сыру ды кладзе на талерку. Разам ставіць і келіх гарэлкі і надае Сымону). Адзяляем караваем Сымона Рыхлу, бацьку маладое. (Музыкі граюць заручыны. Сымон працягвае руку і бярэ з талеркі паднесенае, а на талерку кладзе грошы. Потым цалуецца з дачкою і зяцем. Маршалак далей лэткім чынам надзяляе Домну, Матруну, Якава, а сьледам папарадку і вясельных. Музыкі папераменна граюць заручыны. Кабеты пяюць. За платамі ўмацняецца гоман гледачоў. Так праходзіць колькі часу).

Маршалак (скончыўшы дзяліцьбу). Ну, маладыя нашы, даражэнькія, цяперака пара на паклон. (Усе ўстаюць і вылазяць з-за сталоў ды становяцца ў кола. Маці Палуты з бацькам, узяўшы іконкі, укрываюць іх ручніком, садзяцца на ўслоне і благаслаўляюць кланяючых ім маладых. Мужчыны ідуць з прыгуменьня ў двор. Жанкі пяюць).

Пакланіся, Палутка,
Старому й малому,
Пакланіся матулі
Й татулі радному.

Домна. Хай цябе, мая Палутка, бог сьцеражэ на доўгія леты. Хай цябе бароніць божая матка.

Сымон. Будзь шчасьліва, дзіцятка маё. Не маракуй, котка, на нас, калі што якое мы і ня ўгодзім табе. Даруй нам, дачушка.

Домна. Жыві толькі там, мілая, у згодзе і пашаноўлі — то ўсё будзе добра. Не забывай і нас таксама.