Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

То й вясельле, то й вясельлечка
У сьвятую, у нядзелечку
Мы спраўляем сваё роднае —
Сэрцу блізкае, спадобнае.
Чаго ждалі, то даждаліся —
Нашы дзеткі павянчаліся.
На дарожку на пуцёвую
Для іх сьвежую і новую
Йсьці ў дваіх яны сабраліся.
Гэй, гэй, рэж, музыкачкі,
Па пісклівай сваёй скрыпачцы.
Хай галосяць струны покатам,
А мы пойдзем рэзвым топатам,
Юрку вёрткага вандруючы —
І вясельлечка сьвяткуючы!
Пад іх струны галасістыя
Выхіляй кругі хвалістыя…

(Хутка выскаквае вураднік і яшчэ некалькі кабет і мужчын і таксама пускаюцца ў скокі).

Сымон (спыняецца, адзін бяз Якава, сапе). Закруціў, на цябе цёмнае! Замардаваў нашчэнт. Ох, ох-хо-о! Ну і Якаў, дык Якаў. Гэта сват. (Хапае і спыняе яго). Будзе-а, а то расшыбціся гатоў. Хай госьці скачуць, яны маладзейшыя. З нас хопіць… Бадай цябе! Вось, кажа, замарыў ты мяне, як вала ўздрок.

Якаў. Трэба, сват, трэба. На тое-ж вясельле. Будзем помніць на старасьці хоць гэта. Хто-ж ведае, ці другі раз удасца. Гуляй, скачы!

Сымон (выцірае скацерткаю твар). Ды яно-ж так. Толькі, бачыш, сваце, ногі ня йдуць. Калісьці было йначай — скакун быў, што толькі сьцеражыся. На добры лад, то хай маладыя ўжо скачуць. (Да ўсіх). Гуляйце, скачэце, госьці мілыя. Даю волю! (Разгортвае рукамі).

Якаў. Весялецеся. Што-ж вы сядзіцё? Памагайце гасьцём.

(Музыкі граюць. Хто папарна, а хто па аднаму рэзва скачуць. Вураднік скача адмысловей ад іншых, прысядаючы і паднімаючы ўверх рукі. Прабуюць пусьціцца ў кола й Марта з Матрунаю. Ян і Палута ды Волька з Прузынаю гамоняць між сабою. Вураднік, змарыўшыся, спыняецца скакаць. Махае музыкам, каб тыя кінулі граць. Музыкі сьціхаюць. Усе кідаюць скокі, і хто ідзе к сталу, а хто тупае. Сьмех, гаворка).

Вураднік. Дзянькую, сваце, дзянькую, свахна. (Кланяецца). Усім дзянькую. (Да маладых). І вам, маладыя, дзякуй. Каб вам шчасна жылося, каб радым, нібы вясельле, усё жыцьцё ваша было… (Да Сымона, Домны, Матруны). А вы, каб даждаліся і за другімі дзяцьмі таго, што з Янам і Палуткаю. Не забуду вавек вашае вясельле, вавек буду помніць аб ім. Эх, ці-ж калі ў каго я так весяліўся? Ніколі. Сваякоў пажаніў, раднякоў, а яшчэ ня гуляў так, як у добрых маіх