Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пятрусь. А куды-ж? Ня веда… Хай бяруць. Жывым у рукі ня дамся. Пабачыш, ці возьмуць.

Аўгеня. Што, сынку, гэткае?

Пятрусь. Нічога, матка, ідзеце ў хату. Нічога. Ідзеце, прашу вас, у хату.

ЗЬЯВА 6-я.
ПАЛУТА — ПЯТРУСЬ.

Палута. Ой, не, Пятруська, ня трэба давацца, каб бралі. Нічога ня зробіш ім, а забяруць, тагды ня выцерабішся… Усяго наказалі начальству: што соцыялісты ты, падбухторваеш усіх супроць начальства і багатых, і нават шчэ, што ты падпальнік, вось што… Не, Пятруська, уцячы і хутчэй, сёньня-ж, а то гатовы кожную хвіліну ўрынуцца. Прашу цябе… Ідзі, бяры шапку і пры мне выйдзі з хаты. У Граева пайдзі да Зьмітра, або ў Лужкі. Ідзі, я правяду цябе.

Пятрусь. Маці будзе плакаць… (Азіраецца на порог). Ты тут, маці?

Палута. Ідзі-ж хутчэй, хутчэй ідзі, а то… Прашу цябе… (Пятрусь пакідае яе і йдзе ў хату. Праз некалькі часу выходзіць з палачкаю. За ім сьледам маці. Палута бярэ яго пад паху. Аўгеня пытальна глядзіць на іх).

ЗЬЯВА 7-я.
ПАЛУТА — ПЯТРУСЬ — АЎГЕНЯ.

Аўгеня (стрымоўваючы рыгатку). Пятруська мой, сынок мой, хутчэй ідзі… Палутка, даражэнькая, вядзі яго тайком… Божа мой! Што-ж гэта са мною ізноў вытвараюць. Пятруська мой!

Пятрусь. Мама, ціха. Маўчы, ні слова, кажу табе. Я ня дамся ў рукі, ня возьмуць, будзь спакойна… Вось я цяперака ў Граева пайду, а заўтра вечарам выеду на нейкі час… Вы тут, мама, ня тужэце: наймеце каго-кольвечы пакасіць. Можа і Антось згодзіцца. А потым я наеду… Толькі ня плачце… (Цалуе і выходзіць з Палутаю з двара).

ЗЬЯВА 8-я.
АЎГЕНЯ (адна).

Аўгеня (зачыняе весьніцы і глядзіць усьлед ім). Божа мой, божа! Што-ж ты ізноў наслаў на нас. Сынок мой родны, каму ты быў вялікім гэтта, каго ты нездавольваў? Сьвет ім мал, ліха іх роду і плоду. За праўду топяць, паганыя душы. Цесна ім, нельга вольна зьдзекавацца над беднымі. Вочы рэжа ім сын мой. Насталі згубіць, зладзеі неміласэрдныя… Няма прогліцы на вас… Гэта-ж падумаць толькі! Пайшлі і нагаварылі. Дзякуй-жа, Палутцы, што хаця яна павядоміла Пятруся, а то-б забралі зьнячэўку. Зьнячэўку ўваліліся-б і сцапалі…