Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ян (некалькі часу думаючы). Дык што-ж? Ісьці — то йсьці. Па мне можна. Будзь — што будзе. Гаманем з мацераю — ды…

Якаў. Знача, малайчына ты, Яне, у нас. Можна з табою меркавацца. Хвалю. Благаславі госпад гэну хвілю. Вось, Матрунка, знача на Пятра мы ідзём у сваты. Ажэнім Яна, а потым за Гэлю прымемся. Балазе каханак ёсьцека. І хто нам можа перашкодзіць? Лісюк — о! яму месца ўжо згатована. Да Пятра апыніцца ліха ведае дзе. Не разыдзецца вельмі!

Матруна. Ну, і дзякуй табе, Якаўка. Ты вельмі многа нам ласкі робіш, дай божа табе здароўя. Дзякую я, будуць і дзеці дзякаваць табе. Вось які вам дзядзька здарыўся; шануйце яго.

Якаў. Мой абавязак перад Сахронам. Ды дзядзька на тое. (Да Яна і Гэлі). Ці ня праўда? А тымчасам поўнач ужо на носе, калі ня мінула. І днее ўжо, ці што? Трэба йсьці. Дабранач. З вясёлай душою пайду да хаты.

Ян і Гэля (праводзяць да дзьвярэй). Дабранач, дзядзечка. Дзякуй вам, што зайшлі.

Матруна (праводзіць у сенцы). Але, Якаўка, як ты так злучна прыйшоў, дай божа табе здароўя. Скажы ўжо Тацяне, хай яна заходзіць да нас… (Бразгае сеньняшнімі дзьвярыма. Гэля і Ян ідуць к вокнам і ўзіраюцца на вуліцу. Назахлеўю брэша сабака. Здалёк чуцен клёкат вартаўніцкае клякоткі).


ДЗЕЯ III-я.

Хата Лісаў. Двор. Маленькі агародчык, у якім расьце адна вярбіна і дзьве яблыні. Ад вуліцы загарадзь з частаколу напалову двара, а напалову весьніцы. Ля хаткі старое, з выгнутымі сьценамі і трыма трохшыбнымі вокнамі — адно з вуліцы і два з двара, нявысокія прызабкі, насыпаныя жоўтым жвірам. У канцы двара відзён пералаз на гарод. Ля пералазу старая барана і саха. Ля плоту садка — нарад. Перадвячорак. Спускаючае сонца гоніць доўгія цені. У дварэ на прызьбе сядзіць Аўгіня, Пятрусёва маці, і іх суседка Ганна, жонка Сідара.

ЗЬЯВА 1-я.
АЎГЕНЯ — ГАННА.

Ганна (размахваючы рукамі). Вось калі, Аўгенька, вось калі, мілая, дык-жа шчэ якая гэта праўда, — чыстая, настаяшчая!… Што за людзі, што за народ — выказаць нельга. Вось калі хцівыя, зайздросныя да бязьмернасьці. Усё ім мала, усё ім няхватка, усё ім нядобра. Вось калі, вось калі… Якіх-кольвечы дзесяць сем‘яў, а на ўсе Залужкі раскінулі свае лапы, захапілі ўсё ды варочаюць справамі, як самі хочуць. Дзе ня ступі, куды не павярніся — тое і глядзі, каб не наступіць