Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

думае за Гэляй сватацца. Як ты думаеш, хлапец, здаецца, ніякаваты? Нераспусны, хітры і з часам можа ў людзі выйсьці — даслужыцца да начальніка. Мне ён падабаецца надта і Гэлі таксама… Вось ажаніць бы Яна, — а ўсьлед і другая прыгода ў хаце. (Усьміхаецца). Шанцуе, дзякуй богу. Удалося добра, ціха выгадаваць — а цяперака бог дае, што і ажаніць таксама прыждала здаровая. (Перагароджвае дарогу Якаву). Давай, Якаўка, на Пятра пойдзем у сваты; так ужо і помні сабе. Па абедзе прыходзь з Тацянаю і — гайда. Куды там адкладаць на далей.

Якаў. І я думаю так. Навошта на далей адцягаць. Гады — самы раз. Мала што далей можа здарыцца, а цяперака пара як раз падыйшла сходная, калі хочаш ведаць. (Красае агонь). А з Гэляю таксама ня трэба чакаць. Загаворыць Грышка і згаджайся, калі хочаш ведаць.

Матруна. Ну, а калі, крый чаго, ды з Рыхламі нічога ня выйдзе? Ці не гатовы будуць, ці Палута гвалту наробіць, то як тады? Вельмі-ж ніякавата будзе. Ты не баішся гэтага?

Якаў (варочае паважна галавою). Навошта казаць ліха ведае што. Ня выйдзе, ня выйдзе! Як-то можа ня выйсьці? Ці Сымон не разрахоўвае, куды і як пахіліць? О, ён ведае, дзе і адкуль выгадным пахне, калі хочаш ведаць. Не аддасьць — то каго ён лепшага нойдзе, калі хочаш ведаць. Нікога… калі хочаш ведаць…

Матруна. Яно, канешна, што так. (У дварэ чуцён гоман. За хлявом брэша сабака. Матруна надбягае к вакну і ўзіраецца на двор, робячы казырок над вачмі рукою. Гаворыць у вакно). Нашы йдуць. Ідуць абое, здаецца. Нагуляліся, родныя… Гэля ў мяне малайчына — ніколі ня схлусіць: скажа і выпаўніць. (Бразгаюць дзьверы).

Якаў. І добра што так, калі хочаш ведаць. Чаго-ж іншага хацець… (Уваходзіць Ян, а за ім Гэля).

ЗЬЯВА 7-я.
ЯКАЎ — МАТРУНА — ГЭЛЯ — ЯН.

Ян (скідаючы шапку ў парозе, глядзіць зьдзіўлена на Якава). Ого, і дзядзька ў нас. Добры вечар. Якім-та чынам вы заблудзілі так позна?

Гэля. Добры вечар, дзядзька. (Праходзіць між Якава к ложку і на хаду распранаецца. Да Матруны). А што, бачце, ці-ж забавілася? (Матруна сьцешвае яе рукою).

Якаў (к Яну). Адгадай, браток, не скажу сам. Дзіўна, нябось? (Падыходзіць к Яну й стукає яго на плячы).

Ян (ухмыляецца дзядзьку ў вочы). Яно-та німа ніякага дзіва, толькі…

Матруна (адыходзіць ад вакна, ідзе к прыпечку й садзіцца на лаўцы). Толькі дзіва…

Якаў. Толькі дзіўна, калі хочаш ведаць. (Сьмяецца сам і іншыя).