Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ною таму. Гэтак суджана мусі быць нам… Нічога ня зробіш. Дзьве дарогі перад намі і розныя дарогі, даражэнькая (нагінаецца і цалуе).

Палута. Пятрусь, Пятруська, не кажы мне гэтага, мой каханы, я з табою не растануся, мяне ніхто ня зможа з табою разлучыць па дабросьці… без цябе-ж жыцьця я ня маю, ня буду мець. Хай бацькі злуюць, хай праклінаюць мяне бацькаўскім праклёнам, а я ад цябе не адыйду, ня кіну цябе.

Пятрусь. Мілая, ці-ж у цябе хопіць адвагі? То-ж назаўсёды не на раз, і вялікая справа: трэ‘ кідаць, забываць, уцякаць, бадзяцца, цярпець… А ты дагэтуль жыла ў роскашы, у здавольсьцве… Падумай, добра падумай, я не гвалтую, я…

Палута. Маўчы, маўчы. Пачынае ныць маё сэрца… Ты такі добры, так я цябе люблю… А бацька мой які злы, які сіберны! Ён ні перад чым ня спыніцца, нічога не пашкадуе, каб нас разлучыць. Гэта-ж не чалавек, а шыбельнік… Божа мой! Чаму ў мяне такія бацькі, чаму так склалася жыцьцё маё; яшчэ ня жыла, а ўжо і прашкоды на пуціне… Ня вытрываю я, ня вытрываю… Пятруська мой!

Пятрусь (суцешна). Ня тужы, Палутка, а ну і ляпей усё ўстроіцца. Ды ўрэшце, што нам твой бацька, што нам яго сэрца? Ці-ж мы малыя і будзем баяцца? Нам ніхто не паперашкодзіць, калі толькі захочам мы. Калі ў нас знойдзецца сілы і нашае каханьне не падарвецца ні з чыйго боку — мы заваюем сабе жыцьцё. Чуеш, Палута, га? У цябе хопіць сілы і сьмеласьці кінуць-рынуць усё і са мною… уцячы? Уцячом тады ад тваіх бацькоў і таквеля. У горад паедзем, і хто нас нойдзе? Добра, ці не? (Прыціскае). Будзе памойму, згодзішся? Ды навошта казаць, калі я не сумляваюся, што ты на ўсё пойдзеш і на мяне здасіся, Палутка.

Палута. Я твая, Пятруська. Згодна на ўсё, каханы мой. Толькі, як-жа мне бацькоў абмануць, як мне ад іх вырвацца? Навучы ты мяне, ты-ж разумнейшы. Скажы, парадзь.

Пятрусь. Я ўсё вазьму сам, на сябе вазьму. Ты чакай, ды сілу зьбірай, рыхтуйся. Як толькі ўжо бацькі парашаць няйначай выдаць цябе за Яна — ты кажы мне, і мы хутчэй усё кінем і ўцячэм у горад… Толькі ты будзь сьмела, гартуй сэрца і душу. А мо‘ яшчэ і так мінецца, мо‘ і ня выдадуць цябе за Сьліву, тады будзем аб іншым думаць… Толькі-б грошаў больш захапіць… (Падыходзіць к Палуце, ціха). У бацькі ты вазьмі; падгледзь, дзе ён хавае, і вазьмі; толькі-б на дарогу, а там усё будзе, я дастану ў таварышоў. Ці добра, Палутка?

Палута. Усё добра, абы толькі з табою быць. Я ўсё зраблю. Але, што-б то значыла: „яны вымусяць цябе“. Няўжо ня ўдасца нам уцячы? Ці мо‘ хто з нас кіне адно другога?

Пятрусь (матае галавою). Ты не забываеш цыганчыных слоў? Што ты ўшалопала сабе, цудная. Кінь думаць. (Хвошча яе вяцінкаю). Я і казаў-жа: навошта тая паганая варажба. Дык не, не паслухалі.