Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Домна. Чым-жа ўразіла яна цябе? За што ты гэтак моцна разгневаўся, Сымонка? (Да Палуты). Палута, ты-ж чаму гэта, котка, з бацькам сварышся, а? Такі-та-ж я цябе разумніцаю лічу, а ты дурноту сабе дазваляеш, дачушка.

Палута. Будзе вам, мама… Вы верыце яму, нібы ня ведаючы яго каразьлівасьці… Прыйшоў вось, прыстаў, прыстаў ка мне, раззлаваў, а цяпер яшчэ скардзіцца… Нойдзе на чалавека нейкая паветрасьць, што раз…

Сымон. Маўчы, што так разбрахалася, га? Разышлася-а-а.

Палута. Вось бачыце, во, прыстаў, прычапіўся з ушчункамі ды выгаворамі і яшчэ злуе няма ведама чаго. Вунь ты яму з Пятрусём ня гуляй, бо ён сякі ды такі, басяк, соцыялісты; вунь ня йначай выходзь за Яна замуж, бо Ян багаты і знатны, та… і далей балей, слова за слова, ды да ўшчынкаў дайшоў, да лаянкі і крыку. (Скоса паглядае на бацьку). Замест таго, каб пайсьці куды сьвятам, як усе добрыя мужчыны робяць, ён знайшоў лепшым са мною ваяваць.

Сымон. Я загадаю табе змаўчаць, чуеш ці не?

Палута. Вось і праўды ня любіць, бач…

Сымон. Я кажу табе, Палута, маўчаць.

Домна. Ды ня злуйся ўжо хаця ты, старызна. І я кажу, прыйшла ўжо на цябе тая ліхая хвіліна, пазлавацца захацелася… Навошта табе да дзяўчыны прыставаць: сядзіць адна спакойна, няхай сядзіць… А калі і пагаварыць, дык можна-ж спакойна, ладам…

Палута. Праўда, дачакаешся ад яго калі таго ладу, але…

Сымон. Вось бачыш, во, ці-ж можна тут ладам абыйсьціся… З вамі ўсімі нельга ладам меркавацца; усе, як адна, кропка ў кропку. (Пачакаўшы). Матчына дачка, а даччына матка. Што адна, тое і другая спаганяе… Навучыліся. Распусьціла, распусьціла, а цяпер і патурае… (Нялюба адварочваецца).

Домна (нездавольна). Ды кінь ужо ты разыходзіцца; годзе табе паліцца. Вось калі чалавек… Гм… гм…

Сымон. Не, можа ў зубы вам глядзець ці па галоўцы гладзіць. Дазволіць езьдзіць на мне… Я ведаю ўжо, што я вам непатрэбен. Ну і добра… Добра… Дажыўся падзякі… Дай волю, дык завядуць у няволю.

Домна. Да пачакай, куды ты рвешся. Які непамеркаваны чалавек. Неспакоіцца, гарачыцца, лаецца, а чаго — і сам ня ведае. Трэба аб чым пагутарыць — гутары цішком, згодна і…

Сымон. Ліха з вамі можа памеркавацца, ня я… Рабеце, што хочаце, калі я лішні вам; мяшацца ня буду. Годзе. Але пабачыма. Хочаце пастанавіць на сваім — стаўце… Нюхайцеся з Лісамі, паганьце хату, паганьце род наш — што-ж зрабіць. Мабыць ужо так трэба, каб я на старасьці год усё гэта бачыў, каб маю душу… Толькі, не. Я ўсё роўна ня дамся, не дапушчу-у-у, галубкі… Яшчэ сілы маю пакуль што, маю і ахвоты…