Старонка:Сцэнічныя творы (1923—1924). Кніжка 2.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ты сябе праз яго, дальбог-жа губіш… Вазьмі сабе ў галаву, і ты пакаешся. Ёсьцека Ян, такі здатны хлопец і зважны, самавіты род мае… Ёсьцека другія…

Палута (перабівае). Ого, вельмі важны, вельмі значны…

Сымон (нібы ня чуе). Пойдзеш за яго — у рай пападзеш. Гэтулькі дабра ад бацькі ў насьледку дастаў: дзьве валокі поля, будынкі, а грошай колькі… Гэта-ж проста скарб, не чалавек, а ты, цудніца гэткая, кідаешся ім і лезеш к чорту на рогі. Як-то сказаць…

Палута (стаіць ля платоў і ў жменю сьмяецца). Ну і скарб-жа… Ха-ха-ха! Вось татку прыйшло ў голаву дык…

Сымон (злосна). Такі сьмяешся? Жартуеш з бацькам ці што? (Ківае ўшчунна пальцамі). Эх, дзяўчына, дзяўчына, нічога ты ня высьмяеш. (Паднімае голас). Пасьмяешся ты ў мяне, пачакай, пасьмяешся галубка!

Палута. Ну, вось будзе ўжо вам лаяцца. Прысталі, прысталі, як смала… Ішлі-б куды сьвятам; вось усе мужчыны йдуць ці туды ці сюды, а гэта… Прышло ўжо нешта на вас, ка… точыць увесь дзень сэрца ды точ…

Сымон. А табе ўжо і я няміл стаў… бацькі агорклі, мяшаюць табе… Бедная — разгарненьня не даюць. Вось дык малайчына, вось дык выг…

Палута. А такі і мяшаеце…

ЗЬЯВА 5-я.
ПАЛУТА — СЫМОН — ДОМНА.

Домна. Аб чым-жа, хоцькі, мае дарагенькія, так вы голасна разгутарыліся? Шчыра так у дваіх сабе сабраліся і гамоняць, каханенькія мае. (Падыходзіць і сядае на лаўцы). Палутка, Сымонка, сядайце, родныя мае, сядайце. Гэ-э-э, гэ-э, котка мая. (Палута садзіцца, і Домна яе цалуе). Хаця пацалую цябе, дачушка мая. (Жартоўна). А цябе ўжо, стары, другім разам не абміну. (Пачакаўшы). Ну, дык раскажэце-ж мне аб вашай гутарцы, га?

Сымон. Гутарка, гутарка. Ня вельмі ты і пагутарыш з ёю. Папробуй палюдзку пагутарыць — будзеш ведаць. Гэткага фэфару засыпе табе, што і не ацярэбішся, нябось… Выгадавалі дачку, няма чаго сказаць…

Домна. А што гэткае? Што гэткае тут у вас вышла? У чым вы не паладзілі, за што пагневаліся, родныя мае, га? Сымонка, у чым справа, скажы?

Сымон. Дачкі пытай; хай дачка скажа.

Домна. Ну, а ты-ж? Чаго ты гневаешся так?

Сымон. Пагутары з дачкою, будзеш ведаць тады, ці варта гневацца ці не. Яна ў нас занадта паразумнела ўжо, ажно і гутарыць ладам нельга. Дагадаваліся, нябось.