Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У канцы Людвік XІV саўсім скасаваў Нантскі эдыкт (1685) і забараніў пад пагрозаю самых суровых караў адпраўляць хоць-якія протэстанцкія набажэнствы. Таксама і за эміграцыю пагражалі сьмерцяю або галерамі. Ня гледзячы на гэта, сотням тысяч гугенотаў удалося паўцякаць ад нялюдзкіх прасьледаваньняў і схавацца на чужыне; сваёй заможнасьцяй і ведаю яны памагалі ўзбагачаваньню чужых краёў, а Францыя ўсё гэта страціла.

7. Вайна ў Палятынаце[1] (1688-1697) і гішпанская вайна за спадчыну (1701 - 1714). У тым часе, калі край стаяў ужо перад поўным экономічным заняпадам, Людвік XІV гарачэй, чым калі, жадаў заваяваньняў. Ад іменьня свае братавае, княжны палятынацкае, ён дамагаўся Палятынату, дзе памёр бязьдзéтны курфюрст, і заняў гэты край. На гэты раз усé нямецкія князі згодна злучыліся каля імпэратара дзеля абароны Нямеччыны ад рабунку. Перад усім Людвіку XІV папсаваў яго пляны Вільгэльм Оранскі, які, дзякуючы рэволюцыі ў Англіі, заняў англійскі пасад. Праз Вільгэльма ІІІ Англія, Голяндыя, Гішпанія і Савойя ўвайшлі ў саюз з Немцамі. Лювуа, ня бачучы магчымасьці ўтрымацца ў Палятынаце, зьніштожыў засевы і спаліў месты - Шпэер, Вормс, Мангейм і Гэйдэльбэрг, а таксама шмат вёсак, каб ворагі знайшлі адны толькі руіны. Гэты барбарскі ўчынак даў пачатак тэй ненавісьці, якая пасьля дзяліла два суседнія народы: Французаў і Немцаў.

Выступаючы адначасна ў Нідэрляндах, над Рэйнам, у Італіі і ў Пірэнэях проці злучаных дзяржаваў Эўропы, Францыя яшчэ раз вельмі яскрава выказала сваю мілітарную сілу. Але францускія перамогі на сухаземлі зраўнаважыла няўдача на моры, якую пацярпеў францускі флёт ад злучанага англійскага і голяндзкага флëту каля мысу Ля Гог, у Нормандыі. У канцы, дзеля агульнага аслабленьня і зруйнаваньня, ваяваўшыя дзяржавы падпісалі мір у Рысьвіку (вёска каля Гагі), па якому Людвік XІV вярнуў назад усе свае заваяваньні, якія зрабіў пасьля Німвэгенскага міру, апрача толькі рэюньёнаў у Альзасе (Страсбург).

Людвік XІV згодзіўся на такія варункі міру толькі затым, што спадзяваўся за некалькі страчаных местаў нагарадзіць сябе здабыцьцём цэлае дзяржавы. З Каралём ІІ канчаўся род гішпанскіх Габсбургаў. Бурбоны і нямецкія Габсбургі былі ў роўнай меры блізкія гішпанскаму двару, ды мелі збольшага роўныя правы на гішпанскі пасад. Дзякуючы Вільгэльму ІІІ, які дзеля "эўрапэйскае раўнавагі" стараўся перашкодзіць таму, каб гішпанская монархія ў цэ-

  1. Так называлася гэрцогства Пфальц.