Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

канец роду Валюа. Гэнрык Наварскі, як найбліжэйшы сваяк Валюа, мéў саўсім пэўныя правы на каралеўскі пасад. Але даволі было аднае думкі, што на францускім пасадзе можа засéсьці гэрэтык, каб узбурыць прававéрных каталікоў. Гэнрык Гіз, гэрой Бартламéяўскае ночы, разам з сваймі братамі і шмат якімі вяльможамі зрабілі з Піліпам ІІ, у замку Жуанвіль, хаўрус дзеля таго, каб перашкодзіць наступніцтву Гэнрыка Наварскага і зьніштожыць гэрэзію. Да гэтае Лігі пачалі яны запісаваць кожнага прававернага каталіка; далучылася да яé таксама шмат шляхты і шмат местаў на чале з Парыжам, а кароль па намаганьням Лігі згадзіўся ізноў распачаць барацьбу з гугенотамі. Такім чынам закіпела "вайна трох Гэнрыкаў" (1585). Гіз, правадыр Лігі, ужо іграў ролю валадара Францыі і трымаў караля як бы ў няволі.

Гэты стан рэчаў скончыўся са сьмерцяю Гіза ад рукі патаемнага забойцы, падасланага каралём. Моцна ўзлаваная Ліга, на чале якое стануў брат забітага, кн. Мэйêн, пачала вайну з самым каралём, якому цяпер нічога больш не аставалася, як зрабіць саюз з каралём Наварскім. Разам з сваім новым хаўрусьнікам абляглі яны Парыж, але хутка кароль быў забіты манахам Клеманам (1589); паміраючы, Гэнрык ІІІ прызнаў караля Наварскага сваім законным наступнікам.

5. Гэнрык ІV (1589-1610). Нантскі эдыкт. Пачынаючы Гэнрыкам ІV, францускі каралеўскі пасад займае дынастыя Бурбонаў.

Спачатку новы кароль меў мала што больш, апрача самога тытулу. Значная большасьць народу і слухаць не хацела аб прызнаньні яго каралём. І хаця ён быў вельмі добрым ваяводаю і разьбіў Лігу пад Івры, ў Нормандыі, але яму не хапала сілы, каб усьмірыць месты. Асабліва заядлы адпор даваў яму Парыж; два разы, калі ён, здавалася, ужо быў блізкі да спаўненьня сваé мэты, прыходзіў з Нідэрляндаў, па загаду Піліпа ІІ, Аляксандар Фарнэзэ і, маючы большае ды лепшае войска, перамагаў яго[1]. А ліга ўжо манілася саўсім аддаць Францыю Піліпу ІІ, толькі йшчэ не згаварылася аб спосабе, як гэта зрабіць. Тады Гэнрык ІV, згаджаючыся з просьбамі патрыётычна-настроеных каталікоў і протэстантаў, пастанавіў публічна прыняць каталіцтва і, ламаючы гэтак прашкоду, якая адгараджала яго ад народу, выратаваць край (1593). Пры гэтым ён быццам-то сказаў: "Парыж варт імшы".

Гэнрык пайшоў на імшу; і вось, як бы на знак чарадзейнае палачкі, распадаецца Ліга. Адно па адным паддаюцца

  1. § 7