Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэрэтыцкія ўсімі вызнаньнямі таго часу. У голяндзкіх унівэрсітэтах навучалі найлепшыя профэсарскія сілы, а Лейдэнскі універсітэт нейкі час лічыўся самым слаўным у Эўропе.

Цьвіло і мастацтва, асабліва-ж малярства, у якім быў створаны асобны кірунак, называны голяндзкаю школаю; ён адзначаецца рэалізмам у прадстаўленьні цела людзей, выбарам тэмаў для сябé з штодзéннага жыцьця і краявідамі.

Найвыдатнейшымі мастакамі нідэрляндзкага малярства (як у вольнай рэспубліцы, так і ў гішпанскіх валаданьнях) былі: Рэмбрандт († 1664), Рубэнс († 1640), Ван-Дэйк († 1641), Руісдаль († 1682).

9. Англія ў часы Альжбéты. Зьніштажэньне вялікае Армады было зваротным пунктам у гісторыі Заходняе Эўропы. Разам з ёю згасла зорка Пірэнэйскага паўвостраву, а заясьнела зорка паўночна-заходняе Эўропы. Расла і ўзмацоўвалася Англія, ды рабілася небясьпечным конкурэнтам Голяндыі. Англія пачала ўжо высылаць караблі ў Усходнюю Індыю і залажыла Усходня-Індыйскую Компанію, якая пасялілася ў Азіі (1606), але спачатку, раўнуючы да голяндзкае, мéла невялікае значэньне. Ужо Вальтэр Рэлей, выдатны дзяржаўны дзеяч у часы Альжбеты, зварачаў увагу свайго грамадзянства на забытую Паўночную Амэрыку. У 1588 г. ён зрабіў першыя крокі дзеля колёнізацыі прастору, які сам назваў Віргінія (г. зн. дзявочы край) на чэсьць свае каралевы, якая асталася дзéўчынай. Апроч гэтага, у Англіі моцна разьвівалася горнае дзéла і прамысловасьць. Усюдых у часы Альжбéты пачалі зьяўляцца зародкі будучае марское і колёніяльнае магутнасьці Англіі, ды расцьвету яé гандлю і прамысловасьці.

Альжбета, на выгляд зьменная і капрысная, запраўды была вельмі вытрывалаю, калі дабівалася сваіх мэтаў. Яна зайздросна пілнавала сваёй улады ды імкнулася да заўсёднага росту сваé магутнасьці; вельмі спрытна ўмела яна лічыцца з інтарэсамі краю, з грамадзкаю думкаю і сваёю ўласнаю популярнасьцяю. Вельмі гаспадарная і сьціпная, яна ўмела абхадзіцца без надзвычайных выдаткаў, аб якіх пастанаўляў парлямэнт; дзеля гэтага яна праз шмат гадоў ня склікала парлямэнту, а склікаўшы рашуча адкідала разгляд яе асабістых ды сямéйных спраў, а таксама і царкоўных пытаньняў. На упрашаваньні і прадстаўленьні Палаты Грамадаў яна звычайна пад канец уступала і дзеля гэтага мела вялікую популярнасьць. Ад змаганьняў на сухаземлі яна трымалася здалёк, але ўмела выкарыстываць для сваіх мэтаў пануючыя там адносіны.

10. Упадак Гішпаніі ў часе апошніх Габсбургаў. Яскравым контрастам да расцьвéту Голяндыі быў экономічны і політычны ўпадак Пірэпэйскага паўвостраву.