Старонка:Сусьветная гісторыя 3.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

УСТУПЛЕНЬНЕ.

Пад канец сярэдніх вякоў сталіся вельмі важныя па сваім рэзультатам падзеі, якія зрабілі вялізарны пераварот у грамадзкім, навуковым і палітычным жыцьці эўрапэйскіх народаў. Да гэтых падзеяў трэба залічыць перадусім марскія адкрыцьці Португальцаў і Гішпанцаў; гэныя адкрыцьці пашырылі ўплывы эўрапейскае цывілізацыі на ўвесь сьвет. У жыцьці разумовым новы кірунак, які распачаўся ў Італіі, а носіць назоў гуманізму, паклаў аснову для новае, больш вольнае, сьвецкае эдукацыі, а пачатак друкарства даў магчымасьць пашыраць прасьвету ў усё шырэйшых і шырэйшых кругох грамадзянства. Найбольшы пераварот у грамадзкім і палітычным жыцьці народаў зрабіла распачатая ў Нямеччыне Лютарам рэформацыя; яна была прычынай падзелу суцэльнага дагэтуль заходняга хрысьціянства. Урэшце ў палітычным жыцьці вялізарназначэньне мéла поўная зьмéна вайсковае тэхнікі з прычыны адкрыцьця пораху і аканчальная замена рыцарскіх васалаў наёмнымі войскамі.

§ 1. Адкрыцьці.

Пасьля вынаходу компасу (каля 1200 г.) мараплаваньне, якое да таго часу адбывалася толькі ўздоўж берагоў, зрабілася магчымым і на адкрытым акеане. Вынікам гэтага былі вялікія марскія падарожы Португальцаў і Гішпанцаў у XV веку. Мэтай іх было дабрацца марскім шляхам да Індыі, якая ў той час была найважнейшым краем для сусьветнага гандлю.

1. Адкрыцьце марское дарогі ў Індыю.

Португальцы ў часе сваіх падарожаў кіраваліся ўздоўж заходніх берагоў Афрыкі. Яны спадзяваліся, што, аб'éхаўшы гэтую часьць сьвéту, можна будзе дабрацца да Індыі. Горача падтрымоўваў гэныя падарожы князь Гэнрык Мараплавальнік (памёр у 1460 г.), португальскі інфант. Бартламéй Дыац (1486) шчасьліва даплыў да паўднёвага канца Афрыкі і назваў яго Лукою Добрае Надзéі, а Васко дэ Гама па вызначанай ужо дарозе першы даехаў морам да Індыі; ён зышоў на бераг у Калікуце, на Малябарскім узьбярэжжы (1498).

Португальцы занялі месца магамэтанскіх народаў, якія датуль мелі ў сваіх руках увесь зыскоўны індыйскі гандаль;