Старонка:Сусьветная гісторыя 2.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

УСТУПЛЕНЬНЕ.

===

§ 1. Рым і Германцы.

Па сьмерці імпэратара Тэадозага ў 395 Рымскае Гаспадарства разьдзялілася на дзьве незалежныя імпэрыі. Старэйшы сын Тэадозага, Аркадзь, дастаў усходнюю часьць, а малодшы, Ганоры, — заходнюю. У заходняй імпэрыі, апрача Рымлян у Італіі, жыло найбалей Кéльтаў (Галлы) і Ібэраў. Як адны, так і другія рана паддаліся рымскім уплывам, прынялі рымскую адукацыю, звычаі і мову. Провінцыі кіраваліся да таго, каб ні ў чым ня ўступаць Рыму. З провінцыі былі родам вучоныя, артысты, камандуючыя.

Рымская культура зусім чыста запанавала ўва ўсёй заходняй часьці гаспадарства.

Зусім інакш было ў усходняй часьці імпэрыі. Там Рымляне сустрэліся з высокай грэцкай культураю, якая ў часы Аляксандра Вялікага ахапіла Малую Азію, Сырыю і Эгіпэт. Пад грэцкімі ўплывамі было мастацтва, література, рэлігія і увесь жыцьцявы лад. Пад гэтымі-ж ўплывамі былі на'т самі Рымляне. У вышэйшых слаëх грамадзянства ў Рыме гаманілі найчасьцей пагрэцку.

Яшчэ перад аканчальным разьдзелам імпэрыі, яна ўжо неяк дзялілася на дзьве палавіны: заходнюю рымскую і ўсходнюю грэцкую.

У заходняй часьці па сьмерці Тэодозага ўлада імпэратара што раз слабéла. У правінцыях выяўлялася жаданьне адарвацца ад Рыму. Рымскае войска, якога датуль не магла перамагчы ніякая сіла на сьвеце, губляла свой рымскі характар. Дзеля абароны граніц ад нападаў прымаліся на рымскую службу цэлыя аддзелы чужых малакультурных плямéньняў.

Найвялікшая небясьпечнасьць заходняе імпэрыі была з боку адважных, сьмелых і ваяўнічых Германцаў, якія жылі за Дунаем і за Рэйнам.

§ 2. Германцы да перасяленьня народаў.

1. Паходжаньне і сялібы Германцаў. Заходня-Рымскае гаспадарства, што пачало хінуцца да ўпадку, аканчальна