Перайсці да зместу

Старонка:Сузор’і (1926).pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАЯ МЕККА…

Мая Мекка — прастор Беларусі,
А Мэдына — яе краса.
Вось затым да яе я хілюся,
Што яна мне цяпер — я сам.

Я няздатны, сьпяваць каб літаньні,
Ў набажэнства ня веру я,
Але знаю: рукою паўстаньня
Ўжо запален яе маяк.

Яшчэ шмат хто глядзіць мо‘ варожа
На усьпенены дзён веснаход,
Але вызначыў ён падарожу
І на захад, і на усход.

Было крыўды нямала адвечнай
За краіну маю, сябе,
А ня здаўся у сварцы я спрэчнай,
Не загінуў і ў барацьбе.

Беларусь пакахаў надта шчыра,
Бо мне міла яе краса.
Няхай нехта ўцякае у вырай, —
Не пакіну яе я сам.

1925 г.