Перайсці да зместу

Старонка:Сузор’і (1926).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДА ГУСЬЛЯЎ

Іграйце гучна аб шчасьці, гусьлі,
Радзеце, струны, акорды песень.
Жыцьцё зьвязала вас з Беларусьсю,
Яна-ж зьвязалась з сваёй прадвесьняй.

Што было ўчора няяснай марай,
Бяскрылым ўзьлётам, бязвольным ценем,
Сягоньня тое — уздым захмарны,
Сягоньня тое — парог хаценьня.

Травіцы шэлест і шэлест лісту
Ўжо баюць-кажуць другую казку,
Балота наша і луг імшысты
Абняты сёньня рукамі ласкі.

Адна аздоба — прастор узорны
Пад ласкай сонца, пад сьпеў вясеньні.
Іграйце, гусьлі, напеў задзёрны,
Уклаўшы ў струны маё натхненьне.

Я з вамі, гусьлі, радзіўся, вырас,
Я з вамі, гусьлі, блудзіў па сьвеце,
Шукаў я з вамі жыцьцёвы вырай, —
Затое песьню вы мне складзеце.

Такую песьню, каб сэрца сьцешыць,
Каб, стаўшы рана на постаць жніва,
Адну надзею ў грудзях прысьпешыць,
Што край мой родны жыве шчасьліва.

1925 г.